Мінск 00:59

Колькасць ДТЗ з удзелам маладых кіроўцаў вырасла за год на 15% — Кубракоў

Крыніца: goroddorog.by

12 сакавіка, Позірк. У 2024 годзе на 15% вырасла колькасць аўтааварый з удзелам маладых кіроўцаў (стаж да 1 года), паведаміў міністр унутраных спраў Іван Курбакоў 12 сакавіка на нарадзе ў Міжраённым экзаменацыйным аддзеле (МЭА) ДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама..

Даныя прыведзеныя ў параўнанні з 2023 годам, адзначаецца ў рэлізе МУС.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, з першай спробы экзамен на атрыманне вадзіцельскіх правоў здае ўсяго 30% курсантаў аўташкол, узровень іх падрыхтоўкі недастатковы, у выніку растуць чэргі на пераздачу.

Адзначаецца, што на нарадзе Кубракоў даручыў “неадкладна павялічыць колькасць экзаменатараў, пры неабходнасці перавесці іх на ўзмоцнены варыянт нясення службы”, а таксама “перагледзець арганізацыйна-штатную структуру” МЭА.

“Пастаўлена задача арганізаваць маніторынг не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне, прыняць адэкватныя рашэнні. Сітуацыя ўзятая на асабісты кантроль міністра. Вынікі будуць дакладвацца яму штотыдзень”, — сказаў кіраўнік МУС.

Паведамляецца, што пытанне падрыхтоўкі кіроўцаў “у бліжэйшы час” будзе разгледжана на пасяджэнні пастаяннай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры ўрадзе.

У 2023 годзе на тэрыторыі Беларусі адбылося 3.173 дарожна-транспартных здарэнні — на 0,4% менш, чым у 2022-м (3.186). Колькасць загінулых на дарогах краіны скарацілася на 6,4% (з 466 да 436). Колькасць параненых у ДТЗ павялічылася на 1% (з 3.384 да 3.417).

Даныя за 2024 год яшчэ не прыводзіліся.

Падзяліцца: