У судзе над журналістам Ігарам Ільяшом абвешчаны перапынак, яго публікацыі адпраўленыя на экспертызу

12 сакавіка, Позірк. Мінскі гарадскі суд абвясціў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста, палітвязня Ігара Ільяша.
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” журналіст Сяргей Ваганаў, дзядуля жонкі Ільяша журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая таксама з’яўляецца палітзняволенай.
Паводле слоў Ваганава, аналітычныя публікацыі Ільяша адпраўленыя на экспертызу, якую будзе праводзіць прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры на філфаку Белдзяржуніверсітэта Сяргей Лебядзінскі.
Хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспертыза прайшла ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.
Ваганаў адзначыў, што фізічны і маральны стан Ільяша добры, ён “шмат чытае” і “грунтоўна рыхтуецца да судовых пасяджэнняў”.
“Адзінае, што яго засмучае, гэта немагчымасць наўпрост ліставацца з Кацяй, якая ўжо пяты год утрымліваецца ў Гомельскай ПК №4. Адзіная спроба даслаць ёй ліст скончылася яго вяртаннем, хоць папярэдне Ігару сказалі, што афіцыйнай забароны на перапіску паміж зняволенымі няма”, — паведаміў Ваганаў.
Ільяш абвінавачваецца паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Пра затрыманне Ільяша — мужа журналісткі, палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — паведамілі праўладныя рэсурсы летась 22 кастрычніка. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”.
Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных разведак — даваў каментары ўкраінскім выданням”.
На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаны на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.
Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.
У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальную справу не атрымала.
Андрэева была затрымана разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).
У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да васьмі гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгаворана да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін восем гадоў і тры месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрымання восенню 2020 года.
20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прысуд у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” была замененая на “шпіянаж”.
3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер пражывае ў Польшчы.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, зараз у месцах несвабоды ўтрымліваецца 40 прадстаўнікоў СМІ.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12 сакавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваЗа шэсць дзён небывалага для пачатку сакавіка цяпла абноўлена каля 270 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8–11 сакавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская заклікала Савет Еўропы прыняць дэкларацыю ў падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: Пуцін паводзіць сябе, як п’яны сусед, калі не дабіваецца свайгоМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+