Мінск 21:58

У аўтааварыі пад Быхавам пацярпела сем чалавек, у тым ліку трое дзяцей

Відэа: СК / Стоп-кадр "Позірк"

15 сакавіка, Позірк. Сем чалавек, у ліку якіх трое маленькіх дзяцей, пацярпела ў выніку аўтамабільнай аварыі, якая здарылася раніцай 15 сакавіка каля аграгарадка Следзюкі (Магілёўская вобласць, каля 8 км ад Быхава), вынікае з паведамлення Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, каля 10:00 на дарозе М-8 аўтамабіль “Нісан” пад кіраваннем 40-гадовай жанчыны-кіроўцы выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем “Хонда”, за стырном якога быў 29-гадовы мужчына.

“Абодва кіроўцы і пасажыры, з якіх трое малалетніх, з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваныя”, — паведамляе МУС.

Следчы камітэт удакладніў, што гэта здарылася на 273-м кіламетры згаданай дарогі (мяжа РФ — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны) “ва ўмовах снегападу”.

Паводле папярэдніх звестак, “Нісан” у складаных дарожных умовах “занесла на паласу сустрэчнага руху”. Адзначаецца, што пацярпелым дзецям 5, 6 і 7 год.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што спецыялісты трох брыгад хуткай дапамогі агледзелі ўсіх пацярпелых і накіравалі ў Магілёўскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу.

“Усе дзеці знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні. У пацыентаў дыягнаставаныя спалучаныя траўмы, пераломы, удары, ЧМТ. Урачы зараз праводзяць кансіліумы, дыягнастычныя даследаванні ўсім пацярпелым у ДТЗ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: