Мінск 01:13

Украіна і Расія зноў абмяняліся палоннымі на тэрыторыі Беларусі

19 сакавіка, Позірк. У выніку перамоўнага працэсу з Украіны вернута 175 расійскіх вайскоўцаў, паведаміла Міністэрства абароны Расіі.

Адзначаецца, што “наўзамен перададзеныя 175 ваеннапалонных УСУ, а таксама ў якасці жэсту добрай волі 22 цяжкапараненых ваеннапалонных, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамогі”.

Як і пры папярэдніх абменах, паведамляецца, што “ўсе расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама нададзеная магчымасць звязацца са сваякамі”. Яны “будуць дастаўленыя ў Расійскую Федэрацыю для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расіі“.

Зноў згаданыя “пасрэдніцкія намаганні гуманітарнага характару” Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што сярод 22 абаронцаў, якія вяртаюцца дадому “дзякуючы мерам па-за абменамі“, ёсць “цяжкапараненыя і воіны, якіх Расія пераследвала за выдуманыя злачынствы“.

“Гэта адзін з найбуйнейшых абменаў. Вяртаюцца нашы салдаты, сяржанты і афіцэры. Воіны, якія змагаліся за нашу свабоду ў шэрагах Узброеных сіл, ВМС, Нацгвардыі, Сіл тэрытарыяльнай абароны і пагранічнай службы. Абаранялі Украіну на розных напрамках — у Марыупалі, на “Азоўсталі”, на Данеччыне, Луганшчыне, Херсоншчыне, а таксама Харкаўшчыне, Мікалаеўшчыне, Запарожжы, Сумшчыне і Куршчыне”, — паведаміў Зяленскі.

Ён выказаў падзяку “ўсім партнёрам, асабліва Аб’яднаным Арабскім Эміратам, за тое, што сённяшні абмен стаў магчымым”.

Напярэдадні пра абмен у фармаце 175 на 175 паведаміла прэс-служба Крамля па выніках тэлефонных перамоваў прэзідэнтаў РФ Уладзіміра Пуціна і ЗША Дональда Трампа. Асобна гаварылася пра перадачу 23 цяжкапараненых украінскіх вайскоўцаў — на аднаго больш, чым перададзена дэ-факта.

Апошні абмен украінскімі і расійскімі ваеннапалоннымі на тэрыторыі Беларусі адбыўся 5 лютага. Тады з абодвух бакоў было вернута па 150 ваеннапалонных.

Падзяліцца: