Мінск 02:30

На ліквідацыю аварыі ў Мінску і аднаўленне цеплазабеспячэння ў рамонтнікаў сышло 16 гадзін

21 сакавіка, Позірк. Сталічныя энергетыкі “поўнасцю аднавілі цеплазабеспячэнне спажыўцоў у раёне вуліцы Шаранговіча”, паведамляе тэлеграм-канал РУП “Мінскэнерга”.

Аварыя адбылася 20 сакавіка ў 14:00 — адбылося пашкоджанне цеплавой сеткі дыяметрам 800 мм, што стала прычынай часовага парушэння цеплазабеспячэння часткі спажыўцоў па вуліцах Панчанкі і Сухараўская.

Паводле звестак прадпрыемства, “частка спажыўцоў была аператыўна пераключаная на рэзервовыя крыніцы цеплазабеспячэння”.

21 сакавіка ў 5:58 цеплазабеспячэнне жыллёвага фонду было адноўлена.

“Мінскэнерга” сцвярджае, што “тэмпература паветра ў дамах грамадзян не апускалася ніжэй за дапушчальныя нарматывы”.

У рамонтна-аднаўленчых працах было задзейнічана 30 работнікаў і восем адзінак тэхнікі.

За апошнія некалькі тыдняў у Беларусі адбылося не менш як сем буйных аварый на сетках электра- і водазабеспячэння.

Падзяліцца: