Юрый Амбразевіч стаў амбасадарам Беларусі пры Святым Пасадзе

27 сакавіка, Позірк. Юрый Амбразевіч, які дагэтуль займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў, прызначаны амбасадарам Беларусі пры Святым Пасадзе. Адпаведнае рашэнне 27 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з інфармацыі яго прэс-службы.
У сваю чаргу на месца намесніка кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ўзгоднена кандыдатура Ігара Сякрэты, які раней быў начальнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта (на гэтую пасаду перайшоў Дзмітрый Мірончык — былы прэс-сакратар МЗС, амбасадар у Швецыі і Нарвегіі па сумяшчальніцтве ў 2018–2024 гадах, пасля — начальнік галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС).
Амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кувейце па сумяшчальніцтве прызначаны Ігар Белы (раней быў паслом у ПАР), амбасадарам у Малдове — Анатоль Бубен (экс-дырэктар свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”), амбасадарам у Бразіліі, а таксама Парагваі і Уругваі па сумяшчальніцтве — Андрэй Андрэеў (генконсул у Шанхаі ў 2020–2025 гадах).
Акрамя таго, Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне трох новых генконсулаў у гарадах Расіі: у Екацярынбургу — Сяргея Чычука (быў старшым дарадцам у гэтым дыппрадстаўніцтве, некалісь да таго — амбасадарам у Малдове), Ніжнім Ноўгарадзе — Алега Швеца (цяпер ужо былы першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва), Уладзівастоку — Ігара Сокала (экс-амбасадар ва Украіне).
25 сакавіка на падставе рашэння папы рымскага Францішка новым апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыа Чэфаліа.
Незадоўга да гэтага, 13 сакавіка, Лукашэнка, віншуючы Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, заявіў, што супраца Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца. Ён выказаў меркаванне, што з адкрыццём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.
У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.
Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада — апостальская нунцыятура.
Інтарэсы Мінска ў Ватыкане дагэтуль гэтага часу прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час амбасадарам пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пазіцыяй намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус амбасадара сама меней да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.
Ад пачатку восені 2020 года да 25 сакавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася 32 прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Разам з тым, рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.
Пытанні “двухбаковай супрацы, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс” сёлета 26 лютага абмеркавалі ў Жэневе (Швейцарыя) кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і сакратар па стасунках Святога Пасада з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
На сустрэчы з беларускімі рэлігійнымі лідарамі 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя зычэнні” і выказаў надзею на сустрэчу з ім.
Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.
17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — лютым колькасць звольненых перавысіла нанятых толькі ў Гродзенскай вобласці, экс-кіраўнік якой цяпер віцэ-прэм'ер па сацсферыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаАфіцыйны курс долара ў Беларусі за першы квартал 2025 года знізіўся на 10,25% — другое месца на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка