Мінск 16:06

150 мужчын старэйшыя за 45 гадоў удзельнічаюць у зборах тэрытарыяльных войскаў каля мяжы з Польшчай

Фота: "Гродна Плюс"

30 сакавіка, Позірк. З 25 сакавіка па 18 красавіка ў Гродзенскім раёне праходзяць навучальныя зборы войскаў тэрытарыяльнай абароны, паведамляе дзяржканал “Гродна Плюс”.

Адзначаецца, што ў зборах бярэ ўдзел “каля 150 мужчын старэйшых за 45 гадоў”.

“Ваеннаабавязаныя адновяць навыкі валодання стралковай зброяй, палепшаць свае веды ў тактычнай падрыхтоўцы і ўспомняць, чаму навучыліся пры праходжанні тэрміновай службы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Вынікам збораў стане “камандна-штабное вучэнне з органамі кіравання тэрытарыяльнай абароны раёна, якое пройдзе з 13 па 15 красавіка сумесна з сілавымі структурамі Гродна і Гродзенскага раёна”, заяўляе медыя.

Паведамляецца, што восем удзельнікаў збораў прынялі вайсковую прысягу.

“Гэтыя байцы ўжо прайшлі службу ў войсках у гады СССР. А сёння ўпершыню прымаюць прысягу на вернасць менавіта беларускаму народу. Гэта знакавая падзея для іх, бо прымаюць прысягу ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі”, — цытуе дзяржканал начальніка штаба тэрытарыяльнай абароны Гродзенскага раёна Андрэя Хмеля.

Гродзенскі раён размяшчаецца каля мяжы з Польшчай.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і якія знаходзяцца ў запасе.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

У лютым 2022 года ўварванне ажыццёўлена ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: