Мінск 16:28

Беларусь і Венесуэла думаюць над сумеснымі праектамі, у тым ліку ў нафтахіміі

Ілюстрацыйнае фота: "Веснік Белнафтахіма"

7 красавіка, Позірк. Шляхі “ўмацавання ўзаемадзеяння” абмеркавалі 4 красавіка амбасадар Беларусі Андрэй Молчан і міністр навукі і тэхналогій Венесуэлы Альберта Кінтэра, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Сярод іншага бакі разгледзелі “практычныя крокі па развіцці супрацы паміж даследчымі цэнтрамі і ўніверсітэтамі, абмен інфармацыяй і тэхналогіямі, рэалізацыю сумесных праектаў у галіне фармацэўтыкі, біятэхналогій, нафтахіміі” ды інш.

У ліпені 2024 года Раман Галоўчанка, які тады займаў пасаду прэм’ер-міністра (цяпер старшыня праўлення Нацыянальнага банка) наведваў краіны Лацінскай Амерыкі, у тым ліку Венесуэлу.

Па выніках візіту чыноўнік заявіў, што Менску трэба перазапусціць эканамічныя стасункі з Каракасам, найперш у плане працы сумесных прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, на фоне санкцый ранейшая мадэль гандлёва-эканамічных стасункаў “працаваць не можа і не будзе”. “Таму пераходзім на працу паводле класічнай камерцыйнай схемы. Будзем займацца збытам, будзем шукаць свайго спажыўца”, — адзначыў Галоўчанка.

Найбольш вядомая старонка стасункаў паміж краінамі — спроба Беларусі наладзіць пастаўкі венесуэльскай нафты на пачатку 2010-х гадоў.

Пасля скарачэння паставак расійскай нафты ў 2010 годзе Мінск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Мінулы прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес (памёр 5 сакавіка 2013 года) паабяцаў Аляксандру Лукашэнку паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн т — у 2011-м. Венесуэльская нафта для двух беларускіх НПЗ дастаўлялася цераз Украіну і Эстонію.

1 ліпеня 2012 года Беларусь спыніла імпарт венесуэльскай нафты. Улады патлумачылі гэта тым, што Мінску стала “танней нафту купляць у Расіі”.

Увесну 2023 года Беларускі расследвальніцкі цэнтр, венесуэльскае выданне Armando.Info і Цэнтр па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) выпусцілі матэрыял, у якім сцвярджалася, што Беларусь так і не аддала Венесуэле каля 1,5 млрд долараў за набытую ў 2010-х гадах нафту.

Падзяліцца: