Лукашэнка пра дэфіцыт бульбы: У палітыцы была справа — бульбы хапала, проста яе прытрымалі некаторыя дзеячы

10 чэрвеня, Позірк. З палітыкай звязаў дэфіцыт бульбы ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 10 чэрвеня на кінастудыі “Беларусьфільм”. Адпаведны відэафрагмент апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.
Паводле слоў Лукашэнкі, Камітэт дзяржкантролю раней праверыў “некаторых дзеячаў” і высветліў прычыны недахопу карняплода.
“У палітыцы была справа. Бульбы хапала. Недзе прытрымалі, каб паказаць, што прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік (мабыць, маецца на ўвазе адсутнасць бульбы, а таксама вельмі высокія цэны на яе ў крамах. — “Позірк”.). А калі ён (меркавана нехта з сілавых структур. — “Позірк”.) з кайданкамі прыйшоў, на стол паклаў — бульба з’явілася”, — сказаў Лукашэнка.
Ён не ўдакладніў, хто менавіта і да каго прыходзіў “з кайданкамі”, не канкрэтызаваў таксама, якім чынам бульбу “прытрымалі”. Але заявіў, што ў Беларусі “ўсяго хапае”, у тым ліку бульбы.
8 траўня Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў Беларусі. На адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску ён сказаў, што грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх цэнах, а “сяляне, наадварот, зацікаўленыя прадаць свой тавар даражэй”. У Расіі цэны на бульбу аказаліся ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі, таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак.
“Нядаўна мне ва ўрадзе кажуць: “Аляксандр Рыгоравіч, не хвалюйцеся: у нас пару дзясяткаў тысяч тон насеннай бульбы — мы прададзім”. Я кажу: “Хлопцы, я гісторык. Памятаеце, у гады Вялікай Айчыннай вайны людзі паміралі з голаду ў Ленінградзе, а зярняткі захавалі, каб потым хлеб быў. І вы думаеце, што ў Расіі і іншых краінах, дзе сёння дэфіцыт бульбы, заўтра вычарпаюць гэты дэфіцыт? Не. Ён яшчэ будзе некалькі год. У нас ёсць насенная бульба. Давайце месяц яшчэ адпакутуем (каму там бульба не падабаецца?), а гэта пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім па добрым кошце”. Таму такая вось хітрая, магчыма, сялянская задума”, — прапанаваў Лукашэнку.
“Калі нехта ўжо перажывае за бульбу — месяц вытрымаем. Але без бульбы не будзем”, — дадаў ён.
Насельніцтва Беларусі “будзе забяспечана бульбай”, а лішкі будуць рэалізаваныя за межы краіны, у першую чаргу ў Расіі, заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 траўня.
Дэфіцыт бульбы ў Беларусі звязаны з неўраджаем 2024 года, а не з яго пастаўкамі ў Расію, заявіў парталу news.ru выканаўчы дырэктар Саюза ўдзельнікаў рынку бульбы і гародніны (РФ) Аляксей Красільнікаў. Паводле яго слоў, у мінулым годзе “сезон выдаўся не зусім удалым для многіх рэгіёнаў”.
Тэма беларускай бульбы ў расійскай інфармацыйнай прасторы ўзнікла дзякуючы прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, які 26 траўня на сустрэчы з прадпрымальнікамі здзівіўся, калі яму паведамілі пра дэфіцыт гэтай гародніны ў Беларусі.
“Беларусь — буйны вытворца, але сваю прадукцыю мець таксама важна”, — заявіў Пуцін, маючы на ўвазе магчымасць закупак бульбы ў Беларусі.
На гэта намеснік кіраўніка яго адміністрацыі Максім Арэшкін адказаў, што бульба ў Беларусі “скончылася”.
“Як скончылася? — запытаўся прэзідэнт РФ. — Максім кажа, бульба ў Беларусі скончыўся. Што гэта такое?”
У гэты ж дзень Лукашэнка і Пуцін правялі тэлефонную размову. Яе змест расійскі лідар раскрыў 27 траўня: “Бульбы не хапае ў нас, аказваецца. Размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Ён кажа: “У нас ужо ўсё прадалі ў Расію”.
Яго словы разыходзяцца з рэчаіснасцю. Паводле даных Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд), пастаўкі бульбы з Беларусі ў Расію з пачатку 2025 года знізіліся ў два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам летась (з 63,9 тыс. да 32 тыс. т).
За ўвесь 2024 год беларускія пастаўшчыкі завезлі ў РФ 201,2 тыс. т бульбы — у 1,6 раза больш, чым у 2023-м.
27 траўня ўрад Беларусі зняў забарону на ўвоз бульбы з дзяржаў Еўрасаюза і іншых “недружалюбных краін”. Пры гэтым было заяўлена, што рашэнне з’яўляецца “адказам на чарговыя санкцыі ЕС”.
12 снежня 2024 года было ўведзена трохмесячнае ліцэнзаванне вывазу бульбы. Рашэнне распаўсюджвалася на гэтую гародніну “незалежна ад краіны яе паходжання”. Заяўлялася, што рашэнне было прынята на падставе “ацэнкі суадносін свабодных рэсурсаў дадзенай прадукцыі” і “патрэбы краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі”. 25 сакавіка ліцэнзаванне працягнулі яшчэ на тры месяцы.
Згодна з рашэннем урада, вываз бульбы за мяжу ажыццяўляецца паводле разавых ліцэнзій, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю праз узгадненне з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
Валавы збор бульбы ў 2024 годзе склаў 3.110,9 тыс. тон — на 22,6% менш, чым у 2023-м (4.020,8 тыс.), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Ураджай сельскагаспадарчых арганізацый зменшыўся на 42% (з 579,3 тыс. да 336 тыс.), сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак — на 29,2% (з 596,7 тыс. да 422,4 тыс.), гаспадарак насельніцтва — на 17,3% (з 2.844,9 тыс. да 2.352,5 тыс.).
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДэфіцыту медыкаў няма, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кадравы рэсурс — прадстаўніца Мінздароўя (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваІнтэрнатуру ў Беларусі праходзіць у год да 150 замежнікаў — выпускнікоў мясцовых медычных ВНУМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаПаводле метадалогіі МАП у Беларусі па-ранейшаму ўзровень беспрацоўя вышэй, чым у РФ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаТрэці месяц запар Беларусь займае 3-е месца ў ЕАЭС паводле дынамікі прамвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБазавая інфляцыя ў траўні склала 7,1% — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года Польшча спыніла больш за 12 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка