Мінск 22:00

У Беларусі “гатовыя зрабіць усё” ў інтарэсах Кітая, заяўляе Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і віцэ-спікер парламента КНР Чжан Цінвэй (13 чэрвеня 2025 года, Мінск)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

13 чэрвеня, Позірк. “Мы гатовыя зрабіць усё для Кітайскай Народнай Рэспублікі, што ў яе інтарэсах на тэрыторыі Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з намеснікам старшыні пастаяннага камітэта 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэем.

“На сустрэчы са старшынёй [КНР] Сі Цзіньпінам [4 чэрвеня] мы дамовіліся, што зробім усё для таго, каб ніякія штормы і завірухі не маглі парушыць нашае адзінства. Каб мы і надалей, як усе гэтыя 30 гадоў, развівалі нашыя стасункі і паглыблялі”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

Палітык таксама заявіў віцэ-спікеру парламента КНР, што Беларусь і Кітай будуюць “народныя дзяржавы”, а парламентарыі, якія знаходзяцца “на пярэднім плане”, “сутыкаюцца з праблемамі народаў”.

Як паведамляў “Позірк”, падрыхтоўку візіту віцэ-спікера кітайскага парламента абмяркоўвалі 6 чэрвеня ў Мінску кіраўнік пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацбяспецы Сяргей Алейнік і кітайскі амбасадар Чжан Вэньчуань. Тады прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента паведаміла, што ў рамках візіту пройдзе другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацы паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін (створаны ў 2023 годзе).

Лукашэнка наведваў Кітай 2–4 чэрвеня. У рамках візіту адбыліся яго перагаворы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. На трэці дзень пасля вяртання, 7 чэрвеня, палітык адкрыў у Мінску нацыянальны футбольны стадыён, пабудаваны, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, за кошт Кітая ў якасці “падарунку”.

10 чэрвеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што сёння аб’ём гандлю Беларусі з Кітаем “большы, чым з Еўрапейскім саюзам”, хоць “яшчэ гады чатыры таму” гэты ўзровень быў “разы ў тры, напэўна, меншы”. “І акрамя таго, сёлета, калі мы будзем ісці тымі тэмпамі, уключаючы і наш экспарт у Кітай, то [аб’ём гандлю] будзе разы ў два ўжо большы, чым з Еўрапейскім саюзам”, — заявіў чыноўнік, не назваўшы пры гэтым актуальныя даныя па тавараабароце з ЕС і Пекінам.

Падзяліцца: