Ціханоўская падзякавала ўладам Швецыі за прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі
17 чэрвеня, Позірк. Падзяку ўладам Швецыі за хуткі водгук на заклік падтрымаць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, “за нязменную падтрымку Украіны, а таксама за прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі” выказала дэмлідар Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Стакгольме, падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам і міністрам у справах ЕС офіса прэм’ера Есікай Русенкранц.
Як паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка, бакі абмеркавалі “палітычную сітуацыю і сітуацыю ў сферы бяспекі ў рэгіёне, падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, шляхі вызвалення і дапамогі палітвязням, а таксама магчымасць увядзення новых санкцый за рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму і яго паплечнікаў”.
Таксама “былі закрануты пытанні легалізацыі беларусаў у Швецыі і на тэрыторыі Еўрапейскага саюза, падтрымкі незалежных медыя”.
Візіт Святланы Ціханоўскай у Швецыю праходзіць 16–17 чэрвеня. Раней палітык сустрэлася з членамі групы “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце краіны.
Як паведамляе яе тэлеграм-канал, у Стакгольме дэмлідар таксама прыняла ўдзел у двухдзённым форуме “Пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі”, у межах якога разам з міністрам замежных спраў Марыяй Мальмер Стэнэргард абвясціла пра стварэнне праграмы развіцця жаночага лідарства пры падтрымцы шведскага ўрада.
Праз конкурс былі адабраныя 10 удзельніц — журналісткі, актывісткі, праваабаронцы і дзеячкі культуры.
Ціханоўская выказала пажаданне, каб праграма стала пастаянна дзеючай: “Гэтая салідарнасць сфарміруе новую Беларусь — краіну, дзе жанчын не будуць адсоўваць на другі план або прымушаць маўчаць. Дзе яны будуць адчуваць сябе ў бяспецы дома, паважанымі на працы і вольнымі выказваць сваё меркаванне. Беларусь, дзе дзяўчынкі будуць расці, ведаючы, што яны могуць стаць кім заўгодна”.
Падчас сустрэчы з Ціханоўскай міністр замежных спраў абвясціла, што Швецыя павялічыць падтрымку незалежных СМІ, надасць дапамогу “Радыё Свабода”, Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, беларускім праваабарончым і культурным ініцыятывам, грамадзянскай супольнасці, гаворыцца ў рэлізе.
Таксама анансаваны запуск Стакгольмам сумеснай з беларускімі праваабаронцамі праграмы дзіцячых лагераў для дзяцей палітвязняў.


- ГрамадстваАмаль кожную ноч ідзе пошук людзей, якія згубіліся — прадстаўнік МНС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваСтарэнне тэхнікі і персаналу — галоўныя праблемы авіяцыі МНС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваКолькасць выдаленай НЦАПД інфармацыі з незаконна здабытымі персанальнымі данымі расцеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваУ Беларусі амаль штогод фіксуюцца лятальныя выпадкі малярыі — прафесар БДМУМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаУ 2024 годзе беларускі экспарт паслуг у галіне аховы здароўя перавысіў 43 млн долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаУ студзені — траўні сельгасвытворчасць у Беларусі знізілася на 1%, год таму быў рост на 8,1%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства