Мінск 02:25

У Малдову не ўпусцілі каманду беларускіх кікбаксёраў, уключаючы трэнера Шакуту, які падазраецца ў дачыненні да гібелі Рамана Бандарэнкі

Крыніца: pixabay.com

23 чэрвеня, Позірк. Сусветная асацыяцыя кікбоксінга (WKF) адмяніла чэмпіянат Еўропы пад сваёй эгідай, які павінен быў прайсці ў Малдове 22–29 чэрвеня. Рашэнне прынята з-за адмовы малдаўскіх уладаў упусціць краіну прадстаўнікоў шэрагу дзяржаў.

Як паведаміла 23 чэрвеня TVR Moldova, праваахоўныя органы Малдовы “з меркаванняў нацыянальнай бяспекі” забаранілі ўезд 152 грамадзянам Расіі, 64 грамадзянам Беларусі, а таксама неназванай колькасці грамадзян Грузіі і Азербайджана.

Як адзначаецца, гэтыя людзі “падазраюцца ў тым, што пераследуюць у Рэспубліцы Малдова іншыя мэты, чым удзел у чэмпіянаце па кікбоксінгу”. “У склад дэлегацый згаданых краін уваходзяць асобы, звязаныя з сіламі бяспекі, спартсмены з акупаваных або непрызнаных на міжнародным узроўні тэрыторый, а таксама асобы, якія прапагандуюць агрэсію Расіі супраць Украіны”, — удакладняецца ў публікацыі.

Паводле даных TVR Moldova, большасць з гэтых асоб даведаліся аб забароне на ўезд у Малдову яшчэ “да пасадкі ў самалёт”, 38 не ўпусцілі ў краіну па прыбыцці ў Кішынёў.

“Чэмпіянат Еўропы па кікбоксінгу арганізаваны мэрыяй у партнёрстве са спрэчным спартыўным клубам Garuda на чале з Рустамам Алімавым. Асацыяцыя апынулася ўцягнутай у публічныя спрэчкі, калі ў 2020 годзе некалькі спартсменаў былі абвінавачаныя ў выкрыкванні турэмных і злачынных лозунгаў падчас трэніровак”, — гаворыцца ў матэрыяле.

Звяртаецца ўвага, што 20 траўня Міністэрства адукацыі і даследаванняў Малдовы выступіла з заявай, у якой асудзіла “арганізацыю пры падтрымцы мэрыі Кішынёва спартыўнага мерапрыемства, прадстаўленага як “чэмпіянат Еўропы па кікбоксінгу”, якое павінна было быць санкцыянавана міністэрствам у адпаведнасці з заканадаўствам краіны”.

“Спрэчнай” у публікацыі названая таксама Сусветная федэрацыя кікбоксінга (WKF), бо яна “не прызнаная Міжнародным алімпійскім камітэтам і наўпрост звязаная з суб’ектамі з РФ, якія знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі”. Яе прэзідэнт Фрыц Экзенбергер, як заяўляецца, быў у 2010 годзе выключаны са структуры Міжнароднай спартыўнай асацыяцыі каратэ (ISKA) за “махлярскія практыкі”.

Міністэрства таксама абвінаваціла арганізатараў у тым, што яны дазволілі ўдзельнічаць у чэмпіянаце расійскім спартсменам пад сцягам і гімнам РФ “насуперак існуючым санкцыям”.

Ведамства звярнула ўвагу на прысутнасць у складзе беларускай дэлегацыі трэнера Дзмітрыя Шакуты, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Эстоніі, Латвіі, Літвы за меркаванае дачыненне да гібелі ў Мінску актывіста Рамана Бандарэнкі.

Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зразалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Перамен” (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Мужчына памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць.

18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча” (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р.І. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена”. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.

У жніўні 2022 года “Кіберпартызаны” апублікавалі запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава (цяпер член Савета Рэспублікі) і Шакуты пра паездку на “плошчу Перамен” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны смерці мужчыны. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.

Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры адабрэнні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі”.

Міжнародны алімпійскі камітэт прызнае Сусветную асацыяцыю арганізацый кікбоксінга (WAKO) афіцыйным кіруючым органам па гэтым відзе спорту. WAKO аб’ядноўвае пад сваёй эгідай 120 краін.

Падзяліцца: