Мінск 17:50

Лукашэнка: Мы не хочам ваяваць ні з рускімі, ні з украінцамі, ні з татарамі, ні з яўрэямі

Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

15 жніўня, Позірк. Абвінавачанні ва ўдзеле ў агрэсіі супраць Украіны зноў публічна адрынуў Аляксандр Лукашэнка.

“Ніякія мы не агрэсары. Мы не хочам ваяваць ні з рускімі, ні з украінцамі, ні з татарамі, ні з габрэямі. <…> Тут жывуць усе і жывуць нармальна“, — заявіў ён 15 жніўня на адкрыцці этнакультурнага фестывалю “Кліч Палесся” ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці (цытата паводле відэазапісу выступу).

Прамоўца заклікаў прысутных паглядзець, “што дзеецца вакол з пункту гледжання рэлігійнай і нацыянальнай варожасці — страшна падумаць“.

“Мы будзем жыць спакойна, калі мы не будзем адбіраць чужое і раскладваць сабе па кішэнях“, — заявіў Лукашэнка.

На думку выступоўцы, пра яго міралюбнасць сведчыць рашэнне адкрыць для ўкраінцаў мяжу, каб яны, як у мінулыя гады, маглі збіраць летам у Беларусі ягады і грыбы. “Ідзе вайна, нас абвінавачваюць у агрэсіі. І ў той жа час агрэсар загадаў адкрыць мяжу для вашых суседзяў, небаракаў украінцаў, якія, памятаеце, хадзілі да нас праз мяжу, збіралі дзікарослыя плады, ягады, грыбы, яшчэ там што ў нас расце на балотах і ў лесе з боку Украіны. <…> Мы адкрылі для іх і ў вайну мяжу — прыходзьце. Па 5-6 тыс. долараў зараблялі людзі. <…> Якая вайна можа гэта перакрэсліць і закрыць мяжу? Ніякая. Таму я загадаў вайскоўцам і памежнікам адкрыць пункты пераходу”, — сказаў Лукашэнка.

Сёлета 25 чэрвеня з заявай аб гатоўнасці забяспечыць “пропуск жыхароў Украіны ў беларускія лясы ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці” выступіў Дзяржаўны памежны камітэт.

У той жа дзень беларускі МЗС перадаў часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Мінску Івану Навіцкаму ноту з прапановай арганізаваць “сезонны пропуск памежнага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі для збору дзікаросаў“.

Знешнепалітычнае ведамства сцвярджала, што гэта не палітычны жэст, а “рацыянальная, прадыктаваная жыццём прапанова ў інтарэсах простых людзей, якія пражываюць у памежжы“.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што Украіна не дасць згоды, паколькі “гэта небяспечная лінія і пропуск у краіну, якая падтрымлівае краіну-тэрарыстку (Расію. — “Позірк”.), немагчымы“.

Паводле слоў Дземчанкі, практыка пропуску ўкраінцаў праз мяжу для збору дзікарослых ягад і грыбоў існавала шмат гадоў, але “гэта было да поўнамаштабнага ўварвання Расіі, чые войскі ўваходзілі ва Украіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі“.

У лютым 2022 года Лукашэнка надаў тэрыторыю Беларусі для ўварвання расійскіх войскаў на поўнач Украіны, а таксама для абстрэлаў украінскай тэрыторыі.

Падзяліцца: