Мінск 11:24

Коўл станоўча адказаў на пытанне, ці можна спадзявацца на хуткае вызваленне палітвязняў

Джон Коўл каля амбасады ЗША ў Вільнюсе пасля візіту ў Беларусь 11 верасня 2025 года
Фота: "Позірк"

16 жніўня, Позірк. Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл адказаў кароткім “так“ на пытанне карыстальніка сацыяльнай сеткі Х Яны Кавалёвай: “Паважаны сп. Коўл, ці можам мы спадзявацца на вызваленне палітвязняў у найбліжэйшай будучыні?“

Завочны дыялог адбыўся ў ноч на 16 жніўня.

26 ліпеня Кавалёва звярнулася да Коўла з просьбай дапамагчы ейнаму брату Іллі Верамееву і “ўсім палітвязням у Беларусі“. Адрасат не адрэагаваў (Верамееў у жніўні 2022 года быў прыгавораны да 6,5 года пазбаўлення волі за паведамленні ў тэлеграм-чатах, якія сталі рэакцыяй на поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну; на момант затрымання яму было 18 гадоў; паводле звестак праваабаронцаў, цяпер утрымліваецца ў штрафным ізалятары).

Падобны адмен паведамленнямі адбыўся 21 чэрвеня паміж Коўлам і лідарам беларускіх дэмсілаў Святланай Ціханоўскай пасля вызвалення пры садзейнічанні ЗША і вывазу з Беларусі групы палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага. “Год таму я абняла свайго любімага мужа пасля пяці доўгіх гадоў расстання. Я хачу, каб сям’я кожнага палітвязня ў Беларусі адчула такую ж радасць“, — напісала палітык. Коўл адказаў: “Іх будзе яшчэ больш!“

1 ліпеня спецпрадстаўнік адрэагаваў словам “згодны” на пост заснавальніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, былога дыпламата Валера Кавалеўскага, які пазітыўна адгукнуўся на памілаванне Аляксандрам Лукашэнкам 28 палітвязняў да Дня Незалежнасці 3 ліпеня. “У чарговы раз пашыраецца прастора для магчымага, пераадольваючы меркаванне пра немагчымае, — заявіў Кавалеўскі. — Мы працягваем працу па вызваленні ўсіх палітвязняў і спыненні крымінальнага пераследу з палітычных матываў у Беларусі. Для паскарэння прагрэсу ў гэтай працы вельмі важна, каб дыпламатычныя намаганні ЗША, цвёрда і настойліва ўзначаленыя спецыяльным пасланнікам Джонам Коўлам і намеснікам памочніка дзяржсакратара Крысам Смітам (пакідае пасаду. — “Позірк“.), у супрацоўніцтве з Мінскам, падтрымліваліся еўрапейскімі краінамі“.

Ціханоўская ў апошнім інтэрв’ю медыякампаніі “Нямецкая хваля“ (Deutsche Welle, DW) заявіла, што перамовы паміж ЗША і беларускімі ўладамі аб вызваленні палітвязняў працягваюцца. Паводле яе слоў, у дэмсіл наладжаная “пастаянная камунікацыя з амерыканскім бокам”. Палітык параіла чытаць старонкі Коўла ў сацыяльных сетках.

Апошні раз Коўл быў у Мінску ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх толькі 15 было выслана за мяжу, як гэта было з усімі астатнімі, каго выпускалі па выніках перамоваў з Вашынгтонам (за выключэннем Мікалая Статкевіча). Узамен ЗША скасавалі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся шматбаковы абмен “5 на 5“. Сярод вызваленых быў палітвязень, беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут.

У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў Варшаве Коўл анансаваў чарговую паездку ў Беларусь “праз два-тры тыдні“ і падкрэсліў, што ЗША нацэленыя на вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі. Візіт дагэтуль не адбыўся.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць заключыць “вялікую ўгоду” з Вашынгтонам. Упершыню ён пра гэта распавёў 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў.

Сёлета 20 сакавіка, распавядаючы сваім прапагандыстам пра перамовы з амерыканцамі, Лукашэнка зноў казаў пра “вялікую ўгоду“ з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую ўгоду і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.

30 сакавіка Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на другім пасяджэнні Савета міру. На першае ў лютым той не паехаў.

28 ліпеня на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым Лукашэнка назваў “нядрэннымі” дынаміку і перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў.

Рыбакоў паведаміў, што ягоныя “сустрэчы са спадаром Коўлам“ праходзяць “фактычна раз на 7-10 дзён“, з “іншымі прадстаўнікамі амерыканскага боку“ — “па неабходнасці”.

“Мы абмяркоўваем тыя пытанні, якія можам вырашыць у двухбаковых стасунках, наступныя крокі, якія абодва бакі могуць і павінны зрабіць пасля яго папярэдняга візіту“, — адзначыў дыпламат.

“Магчыма, гаворка пойдзе пра нейкія наступныя візіты, цяпер не буду агучваць канкрэтныя рэчы або даты“, — дадаў ён.

Паводле слоў Рыбакова, некалькі дзён таму на адрас Лукашэнкі “былі сфармуляваныя чарговыя пэўныя прапановы з боку ЗША”. Той “даў адпаведныя даручэнні тым структурам, якія займаюцца рэалізацыяй гэтых прапаноў (у час і пры ўмове, калі яны будуць рэалізаваныя)“.

Пастаянны прадстаўнік адзначыў, што праз некалькі дзён плануе вярнуцца ў Нью-Ёрк і сустрэцца з Коўлам, якому будзе перададзена пасланне Лукашэнкі.

Гл. таксама:

Американский трек Лукашенко: Трамп мне друг, но диктатура дороже (на рускай мове)

Падзяліцца: