Латушка пра рашэнне Суда ЕС па справе “Гродна Азота” і “Хімвалакна”: Сігнал, што падтрымка рэпрэсій будзе мець наступствы

3 ліпеня, Позірк. Рашэнне найвышэйшай інстанцыі Суда Еўрапейскага саюза адхіліць скаргу прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Хімвалакно” на адмову суда першай інстанцыі зняць з іх санкцыі — гэта “не проста юрыдычная фармальнасць”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
У сваім тэлеграм-канале палітык выказаў меркаванне, што гэта “выразны і недвухсэнсоўны сігнал”, што “фінансавая падтрымка рэпрэсій будзе мець наступствы”.
“Адхіленне апеляцыі “Гродна Азот” яшчэ раз падкрэслівае рашучасць Еўрасаюза выкарыстоўваць эканамічныя рычагі для абароны правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, — мяркуе Латушка. — Гэта не проста замарозка супрацы, гэта замарозка ілюзій пра беспакаранасць і яскравае пацверджанне таго, што міжнародная супольнасць працягвае стаяць на баку беларускага народа ў яго імкненні да свабоды і справядлівасці. Рэжым Лукашэнкі ўсё глыбей заганяе сябе ў фінансавую ізаляцыю, а яго дзеянні па ўшчамленні правоў грамадзян абарочваюцца ўсё больш адчувальнымі стратамі”.
Намеснік кіраўніцы АПК канстатаваў, што “Гродна Азот” з’яўляецца “не проста прамысловым гігантам”, гэта “фінансавая падсілкоўка рэпрэсій супраць беларускага народа”. Даходы ад яго дзейнасці “ў тым ліку ідуць на ўтрыманне карных структур і новыя камеры для палітзняволеных”, падкрэсліў ён.
“Лукашэнка любіць шантажаваць Захад так званымі працоўнымі калектывамі — маўляў, санкцыі б’юць па простых рабочых, — адзначыў Латушка. — Але давайце казаць сумленна: хто рэальна забірае прыбытак гэтых прадпрыемстваў? Алігархі і сілавікі рэжыму. А людзі ў Гродне ці Наваполацку працуюць без годнага заробку, пазбаўленыя элементарных правоў і перспектыў”.
“Сённяшняе рашэнне Суда ЕС паказвае: ніякай падтрымкі і легалізацыі дыктатуры Лукашэнкі не будзе. Эканоміка рэпрэсій павінна заставацца пад санкцыямі, пакуль у Беларусі не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, не спыняцца катаванні, а народ не атрымае права выбіраць сваю ўладу”, — падкрэсліў ён.
Паглыбляючыся ў рашэнне найвышэйшай інстанцыі, палітык звярнуў увагу: “Суд вызначыў, што яны (“Гродна Азот” і “Хімвалакно”. — “Позірк”.) сапраўды аказваюць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў выглядзе выплаты дывідэндаў”.
“У новым апеляцыйным разбіральніцтве Суд адпрэчыў довады істца пра тое, што на прадпрыемствы наклалі санкцыі проста з прычыны прыналежнасці дзяржаве, а не зыходзячы з факту аказання падтрымкі рэжыму Лукашэнкі, — адзначыў Латушка. — Таксама Суд у сваім рашэнні справядліва пазначыў, што асноўнай мэтай санкцый з’яўляецца ўзмацненне ціску, які ўсчыняецца на рэжым Лукашэнкі, <…> каб ён паклаў канец сур’ёзнаму і пастаяннаму парушэнню ў Беларусі правоў чалавека, ушчамленню дэмакратыі і вяршэнства закона, рэпрэсіям грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі”.
“У выніку Суд ЕС адхіліў апеляцыю ААТ “Гродна Азот” і завода “Хімвалакно”, пакінуўшы дзейнымі санкцыі ў дачыненні да іх, абавязаўшы кампенсаваць выдаткі, панесеныя Саветам ЕС”, — падсумаваў намеснік кіраўніцы АПК.

- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства