Мінск 23:28

Генсакратар Савета Еўропы: Наша прыхільнасць да свабоднай Беларусі застаецца непахіснай

Генсакратар Савета Еўропы Ален Берсэ
Ілюстрацыйнае фота: СЕ

6 ліпеня, Позірк. Тры гады таму Савет Еўропы (СЕ) “разарваў стасункі з рэжымам” Аляксандра Лукашэнкі “за падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”, але не адмовіўся ад беларускага народа, заявіў генеральны сакратар СЕ Ален Берсэ.

У відэароліку, размешчаным 6 ліпеня на старонках арганізацыі ў сацыяльных сетках, Берсэ нагадаў, што ў 2022 годзе СЕ стварыла кантактную групу для ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.

“Кантактная група Савета Еўропы па Беларусі — гэта пасланне: перамены пускаюць карані нават там, дзе адмоўлена ў дэмакратыі і заглушаюцца правы чалавека. Шлях можа быць доўгім, але наша прыхільнасць новай — свабоднай — Беларусі застаецца непахіснай”, — падкрэсліў ён.

У гэтым жа роліку прыводзіцца ацэнка факту стварэння такой групы з боку беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай: “Вельмі важна, што Савет Еўропы зрабіў гэты нестандартны, але значны крок — бо як краіна Беларусь не з’яўляецца членам Савета Еўропы. Але вы адважыліся фармалізаваць стасункі з дэмакратычным рухам. Тут мы атрымліваем экспертную падтрымку па будучых рэформах, напрыклад, па фармаванні бачання будучай Беларусі”.

У паведамленні, якое суправаджае відэаролік на старонцы Савета Еўропы ў “Фэйсбуку”, адзначана, што ў СЕ “цвёрда адданыя падтрымцы ўсіх беларусаў — як тых, хто знаходзіцца ў краіне, так і тых, хто жыве ў выгнанні, тых, хто імкнецца да дэмакратычных перамен і лепшай будучыні”. Кантактная група названая “праявай салідарнасці і падтрымкі беларускага народа і міжнароднай супольнасці”.

У аналагічным паведамленні на старонцы СЕ ў сацсетцы Х кантактная група названая “пасланнем надзеі”, а падтрымка адрасаваная “ўсім беларусам, якія імкнуцца да перамен”.

Адметна, што роўна тры гады таму, 6 ліпеня 2022 года, Ціханоўская, выступаючы перад Камітэтам міністраў СЕ, заклікала стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю.

Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая не стала членам Савета Еўропы. У сакавіку 2022 года супраца СЕ з рэжымам Лукашэнкі была прыпыненая праз тое, што афіцыйны Менск падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны; тады ж РФ была пазбаўленая членства ў Савеце Еўропы.

У якасці альтэрнатывы 7 верасня 2022-га была створаная кантактная група па супрацы СЕ з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Група працуе на прынцыпах празрыстасці ва ўзаемадзеянні з шырокім колам грамадскіх ініцыятыў Беларусі. Яе пасяджэнні праводзяцца на рэгулярнай аснове два разы на год.

Ад Савета Еўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАСЕ і Офіса камісара па правах чалавека. СЕ таксама надаў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Праект новага двухгадовага плана працы групы быў падрыхтаваны ў снежні 2023 года.

Дэмакратычныя перамены ў Беларусі непазбежныя — генеральны сакратар Савета Еўропы

25 чэрвеня, Позірк. Пасяджэнне кантактнай групы беларускіх дэмакратычных сіл і Савета Еўропы прайшло 24 чэрвеня ў Страсбургу (Францыя), паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК). “Прадстаўнікі АПК, Каардынацыйнай рады, Офіса Святланы Ціханоўскай, СМІ, праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці абмеркавалі з …
Падзяліцца: