Мінск 00:44

Праз тыдзень пасля візіту ў РФ Лукашэнка паразмаўляў з Пуціным па тэлефоне

8 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 8 жніўня правялі тэлефонную размову, падчас якой сярод іншага абмеркавалі візіт у Маскву спецпасланніка прэзідэнта ЗША Стывена Уіткафа і “прапановы амерыканскага боку па мірных перамовах”.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, Пуцін “падрабязна праінфармаваў” суразмоўцу аб перамовах з Уіткафам у Крамлі і “дамоўленасцях прэзідэнтаў Расіі і ЗША аб сустрэчы”. “Цяпер вызначаецца месца яе правядзення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прэзідэнт РФ таксама распавёў Лукашэнку “аб выніках перамоваў у цэлым”.

На сайце Крамля адзначаецца, што падчас тэлефоннай размовы Пуцін інфармаваў Лукашэнку “аб бягучых расійска-амерыканскіх кантактах”. Той падзякаваў прэзідэнту РФ за інфармацыю і “высока ацаніў намаганні для выхаду на мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу”.

“Закранутыя некаторыя пытанні двухбаковага парадку дня”, — гаворыцца ў паведамленні.

Папярэдні раз Пуцін і Лукашэнка размаўлялі 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ).

Уіткаф наведваў Маскву 6 жніўня. Асноўнай тэмай яго перамоваў з Пуціным было спыненне вайны ва Украіне. Па выніках візіту паведамлялася аб магчымай сустрэчы прэзідэнтаў РФ і ЗША.

Падзяліцца: