МЗС Польшчы адрэагуе на затрыманне ў Беларусі свайго грамадзяніна “адпаведным чынам”

5 верасня, Позірк. Затрыманы ў Беларусі польскі грамадзянін Гжэгаж Гавел “безумоўна не быў супрацоўнікам або саўдзельнікам спецслужбаў”, заявіў у эфіры TVN24 дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі.
“З высноў польскага консульства ў Мінску мы ведаем, што ўсё гэта яшчэ больш заблытаная справа”, — цытуе чыноўніка wiadomosci.gazeta.pl. Паводле слоў Басацкага, “затрыманне польскага манаха толькі пагаршае і і без таго дрэнныя стасункі паміж Беларуссю і Польшчай, у якіх вінаватая Беларусь”.
“Крыўдна, што беларусы не выкарыстоўваюць пэўную магчымасць, нададзеную нядаўнім візітам спецпрадстаўніка Дональда Трампа ў Мінск генерала [Кіта] Келлага, — адзначыў дзяржсакратар МЗС. — То бок нейкую нармалізацыю стасункаў з Захадам пры пэўных умовах. І замест таго, каб скараціць колькасць палітычных вязняў сумлення, рэжым Лукашэнкі, на жаль, лічыць за лепшае павялічваць гэты лік”.
“Мы адрэагуем адпаведным чынам. Вы даведаецеся пра гэта ў бліжэйшыя гадзіны ці дні”, — заявіў Басацкі, дадаўшы што маштаб рэакцыі ў цяперашні час “вызначаецца”.
Чыноўнік таксама звязаў затрыманне Гавела з будучымі вучэннямі “Захад-2025”. “Гэтыя вучэнні самі па сабе з’яўляюцца правакацыяй. Яны маюць характар, скіраваны супраць Польшчы і НАТО”, — перакананы ён.
Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) грамадзяніна Польшчы, які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1”, які выйшаў у эфір 4 верасня.
Паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ затрымалі Гжэгажа Гавела, які пражывае ў Кракаве, 1998 года нараджэння (пасля высветлілася, што ён манах-кармеліт). Нібыта той праз сацыяльныя сеткі наладзіў кантакт з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацу ў інтарэсах польскіх спецслужбаў.
Сцвярджаецца, што супраца заключалася ў канспіратыўным зборы і перадачы закрытай інфармацыі, звестак пра камандны склад, а таксама пра супрацоўнікаў беларускай вайсковай контрвыведкі. Атрыманыя звесткі Гавел нібыта перадаваў польскім сілавікам.
У прыватнасці, сакрэтныя звесткі пра вайсковыя аб’екты Беларусі ён збіраў для Агенцтва ўнутранай бяспекі, а за перадачу патрэбных даных абяцаў не названаму ў рэпартажы беларусу штомесячную грашовую ўзнагароду.
Адзначаецца, што супрацоўнікі беларускай контрвыведкі затрымалі замежніка, як толькі ён атрымаў сакрэтны дакумент: у рэпартажы была прадэманстравана раздрукоўка на 8 старонках фармату А4 па тэме беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025”.
У дачыненні да грамадзяніна Польшчы ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 358 (шпіянаж), вядзецца следства. “Усе падрабязнасці” справы дзяржпрапаганда абяцала расказаць “пазней”. На пачатку рэпартажу было адзначана, што затрыманыя грамадзяне Беларусі і Польшчы, аднак падрабязнасцяў пра магчымых беларускіх фігурантаў справы прыведзена не было. У сюжэце бачна затрыманне двух чалавек, адзін з якіх Гавел.
Арышт польскага грамадзяніна з’яўляецца “чарговай правакацыяй” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, накіраванай супраць Польшчы, заявіў прэс-сакратар міністра спецслужбаў Яцэк Дабжынскі.
“Польскія спецслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб ваенных манеўрах”, — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
22 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель заявіў, што “толькі за мінулы перыяд 2025 года КДБ спынена дзейнасць 14 асоб — гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне, падкрэсліваю, якія ажыццяўлялі дзейнасць, звязаную са шпіянажам (гэта для замежнікаў) і здрадай дзяржаве, калі мы кажам пра Беларусь”.
ДзяржТБ рэгулярна паказвае сюжэты пра замежных “шпіёнаў” і іх злоў, зробленыя пры прамым удзеле высокапастаўленых супрацоўнікаў КДБ. Частка такіх матэрыялаў мае прапагандысцкі характар.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 5 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская заклікала АБСЕ "больш актыўна патрабаваць судовага пераследу за злачынствы рэжыму" (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа восем месяцаў фізасобы прадалі наяўнай валюты на 1,75 млрд долараў больш, чым купілі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка