Мінск 21:18

У спіс “экстрэмістаў” дададзена 14 чалавек, пяць з іх вызваленыя ад адказнасці

19 верасня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў дадало ў спіс “асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, яшчэ 14 чалавек. Цяпер у дакуменце, размешчаным на сайце ведамства, 5.784 пазіцыі.

У спісе зноў фігуруе запіс “вызвалены ад адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення”, прычым у дачыненні як мужчын, так і жанчын.

Як і тыднем раней, гаворка ідзе пра асоб, прызнаных вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, паводле якой тэрмін прыцягнення да адказнасці складае пяць гадоў. Паводле гэтага артыкула традыцыйна асуджаюцца ўдзельнікі пратэстаў 2020 года.

З такой пазнакай унесены Іван Бяльковіч, Святлана Швец, Ягор Кузьмін, Ігар Капачэння і Людміла Руткоўская.

З пазнакай “адбывае пакаранне” ў спіс унесены асуджаны паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361⁴ Віктар Жданюк і асуджаныя паводле ч. 2 арт. 293 жыхары Пінска Брэсцкай вобласці палітвязень Яўген Невар (на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна” — Яўген Невор, прысуд невядомы) і Андрэй Кузьменчук.

Насупраць астатніх уключаных у спіс стаіць пазнака “судзімасць не пагашаная”, што звычайна азначае прызначэнне пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Сярод іх асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 Антон Джурко і Анастасія Лысенка, паводле ч. 1 арт. 361² Уладзімір Рослік, паводле ч. 1 арт. 361⁴ — Валянцін Нікішын, паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361⁴ — Максім Арцыменя і Раман Хоміч. Нікішын і Арцыменя ўнесеныя праваабаронцамі ў спіс палітвязняў, былі затрыманыя па “справе “Беларускага Гаюна”.

Уключэнне асуджаных у спіс “экстрэмістаў” — адзін з механізмаў масавых палітычных рэпрэсій, што працягваюцца ў Беларусі з 2020 года.

Даведка “Позірку”:

арт. 293 КК — масавыя беспарадкі;

342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;

361² — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

361⁴ — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Падзяліцца: