Мінск 22:55

Беларуска Марыя Жодзік стала віцэ-чэмпіёнкай свету па лёгкай атлетыцы — гэта адзіны медаль зборнай Польшчы на турніры

Відэа: тэлеканал TVP Sport Стоп-кадр: “Позірк”

21 верасня, Позірк. 28-гадовая Марыя Жодзік выйграла ў складзе зборнай Польшчы сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету ў Токіа (Японія).

Спартсменка, якая спецыялізуецца на скачках у вышыню, устанавіла на ЧС асабісты рэкорд, узяўшы вышыню ў 2 метры.

Чэмпіёнкай свету з такім жа вынікам стала Нікола Аліслагерс з Аўстраліі. Перавагу пры размеркаванні месцаў яна атрымала дзякуючы меншай колькасці спробаў.

Бронзавы медаль падзялілі ўкраінка Яраслава Магучых і сербка Ангеліна Топіч. Іх вынік — 1,97 метра.

Медаль Жодзік стаў адзіным для польскай зборнай на чэмпіянаце.

Зборная Беларусі на турніры не выступала, бо адхіленая ад спаборніцтваў Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ).

Грамадзянства Польшчы Жодзік атрымала 20 сакавіка 2024 года. Выступала пад польскім сцягам на Алімпіядзе-2024 у Парыжы.

У 2021 годзе Жодзік устанавіла асабісты рэкорд, скокнуўшы на 1 м 96 см. Гэта дало ёй права выступаць на Алімпіядзе ў Токіа ад Беларусі, аднак функцыянеры Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі не забяспечылі працэдуру праходжання допінг-тэстаў у тэрміны, устаноўленыя ІААФ. Спартсменка ў Токіа не выступіла.

Жодзік родам з Баранавічаў (Брэсцкая вобласць), з 2022 года жыве ў Польшчы.

У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, а таксама гвалту з боку сілавікоў. Таксама спартсменка асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.

Спартсмены, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэстны рух і былі пазбаўленыя магчымасці працягваць спаборнічаць у Беларусі, у большасці сваёй спынілі прафесійную дзейнасць. На Алімпіядзе 2024 года, акрамя Жодзік, выступіла пад польскім сцягам лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская.

Падзяліцца: