Мінск 22:02

Латушка абмеркаваў з кіраўніком Мінюста Францыі незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей рэжымам Лукашэнкі

Фота: АПК

7 кастрычніка, Позірк. Тэма адказнасці за незаконны вываз украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь пры садзейнічанні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася на сустрэчы 7 кастрычніка ў Парыжы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі з міністрам юстыцыі Францыі Жэральдам Дарманенам.

Як паведамляе прэс-служба АПК, Лукашэнка пры арганізацыі вывазу ўкраінскіх дзяцей “асабіста прымаў адпаведныя фінансава-распарадчыя рашэнні”.

Намеснік кіраўніцы АПК прадставіў Дарманену інфармацыю аб “сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а менавіта звярнуў увагу на рэпрэсіі, якія не спыняюцца, як унутры Беларусі, так і на злачынствы экстэрытарыяльнага характару ў дачыненні да беларусаў, якія пражываюць перш за ўсё на тэрыторыі краін — членаў ЕС”, адзначаецца ў паведамленні.

Латушка таксама “ўзняў пытанне становішча палітычных зняволеных і магчымага садзейнічання іх вызваленню ў тым ліку пры ўдзеле Еўрапейскага саюза і Францыі як краіны — лідара ў ЕС”.

“Асобна падчас сустрэчы было закранута пытанне адказнасці Лукашэнкі ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда і падтрымкі адпаведнай заявы Літвы з боку Францыі”, — падкрэслівае АПК.

Акрамя таго, ён паведаміў міністру “аб масавым, беспрэцэдэнтным пераследзе рэжымам Лукашэнкі членаў Каардынацыйнай рады, актывістаў дэмакратычных сілаў, які носіць экстэрытарыяльны характар і здзяйсняецца за межамі Беларусі”.

Крокі ў вызваленні беларускіх палітвязняў 7 кастрычніка ў Парыжы абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з міністрам Еўропы і замежных спраў Францыі Жан-Наэлем Баро.

У верасні 2024 года Латушка паведамляў, што, паводле звестак НАУ, дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі зазналі звыш 3,5 тыс. украінскіх дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Падзяліцца: