Мінск 00:32

Мінск актывізуе ваеннае супрацоўніцтва з ААЭ і Іранам

9 кастрычніка, Позірк. Беларусь актывізуе ваеннае супрацоўніцтва з ААЭ і Іранам, вынікае з паведамленняў прэс-службы Міністэрства абароны.

Міністр Віктар Хрэнін у Мінску сустрэўся з начальнікам Генеральнага штаба Узброеных сіл Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Ісай Сейфам Альмазруі.

Паводле Хрэнініна, патэнцыял двухбаковых адносін у ваеннай сферы “дастаткова вялікі”. У бягучым годзе, нагадаў ён, прайшло першае пасяджэнне сумеснай міжведамаснай камісіі і ўпершыню падпісаны план двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва.

Пры зацікаўленасці эмірацкага боку магчыма навучанне вайскоўцаў у Ваеннай акадэміі Беларусі, дадаў ён.

У сваю чаргу Іса Сейф Альмазруі “выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў ваеннай сферы па шэрагу напрамкаў”, гаворыцца ў рэлізе.

Бакі “акрэслілі шляхі далейшага развіцця двухбаковых адносін, а таксама дамовіліся аб развіцці дыялогу на экспертным узроўні”.

Акрамя таго, паведамляецца, што беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў сустрэчы з прадстаўнікамі вайсковай медыцынскай службы Ірана. Начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксандр Малюх і кіраўнік галоўнага ваенна-медыцынскага ўпраўлення Генштаба Ірана Хасан Арагхізадэх абмяркоўваюць “асаблівасці медыцынскага забеспячэння ўзброеных сіл дзвюх краін, пытанні падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, а таксама напрамкі ўзаемадзеяння і перспектывы іх развіцця”, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

20 жніўня ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіанам. Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці да супрацоўніцтва з Іранам у розных сферах – ад “забеспячэння харчаваннем” да “вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва”.

Беларускія сілавыя ведамствы апошнія гады актывізавалі кантакты з ААЭ.

У красавіку “акрэслілі крокі па інтэнсіфікацыі кантактаў” паміж ваеннымі ведамствамі Беларусі і ААЭ першы намеснік начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва беларускага Мінабароны Аляксандр Венгура і ваенны аташэ пры пасольстве ААЭ у Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Хамад Абайд Альрашдзі і яго намеснік Насір Матар.

У лістападзе 2023 года Хрэнін знаходзіўся з візітам у краіне для падпісання пагаднення аб ваенным супрацоўніцтве.

У сакавіку 2024 года прэс-служба МУС па выніках сустрэчы міністра Івана Кубракова з начальнікам паліцыі Дубая Абдулой Халіфам Аль Мары на палях Сусветнага паліцэйскага саміту ў найбуйнейшым горадзе ААЭ паведаміла, што міністэрства “гатова прадоўжыць праграму падрыхтоўкі эмірацкіх супрацоўнікаў паліцыі ў Беларусі па розных кірунках”.

У тым жа годзе прыняты два законы, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва з ААЭ — у галіне бяспекі і супрацьдзеяння тэрарызму, а таксама па пытаннях узаемнага прызнання і абмену вадзіцельскіх пасведчанняў.

Падзяліцца: