Мінск 19:16

Ніякага Балонскага працэсу, у Беларусі нармальная адукацыя — Лукашэнка

23 кастрычніка, Позірк. Пытанне аб “функцыянаванні магістратуры” падняў 23 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла яго прэс-служба.

“Некалькі гадоў таму мы на гэтую тэму з вамі буйна пагаварылі і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу, у нас нармальная адукацыя”, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што “раней у нейкі час з падачы асобных дзеячаў была папулярная тэма Балонскага працэсу, каб падрыхтаваць спецыялістаў на ўсе рукі, на якіх будзе попыт за межамі краіны”.

“Я памятаю гэтую размову. Вы што, у беларускіх універсітэтах будзеце рыхтаваць для замежжа людзей?” — сказаў ён.

Разам з тым Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вучыцца шмат замежнікаў, якія хацелі б скончыць магістратуру.

“Добра, давайце так і зробім. Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі хочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас навучаем. Едзьце куды заўгодна працаваць”, — заявіў прамоўца.

Беларусь прынялі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА) і Балонскі працэс у 2015 годзе з другой спробы. У 2012 годзе пытанне ўступлення Беларусі ў ЕПВА было знята з парадку дня, паколькі рабочая група Балонскага працэсу прыйшла да высновы аб негатоўнасці краіны далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з-за неадпаведнасці яе прынцыпам: аўтаноміі ўніверсітэтаў, акадэмічных свабод, удзелу студэнтаў у кіраванні адукацыяй.

У снежні 2021 года з-за акадэмічных рэпрэсій Беларусь выключылі з кіраўніцтва рабочай групай ЕПВА, адпаведную прапанову ўнёс Еўрапейскі студэнцкі саюз. Рашэнне прынялі на пасяджэнні Балонскай групы ў Славеніі, якое праходзіла 1–2 снежня 2021 года. Тады ж стала вядома, што Беларусі неафіцыйна прапаноўвалася адмовіцца ад сустаршынства ў групе, але Мінск на гэта не пайшоў.

Беларусь павінна была прыступіць да кіраўніцтва рабочай групай у другой палове 2022 года. Паколькі краіна не з’яўляецца членам Еўрасаюза, функцыі належала падзяліць з Чэхіяй.

Краіны — члены ЕПВА і міжнародныя арганізацыі раскрытыкавалі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да выкладчыкаў і студэнтаў у Беларусі.

У красавіку 2022 года ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі і Расіі былі выключаны з Балонскага працэсу на фоне вайны ва Украіне.

Балонскі працэс — гэта рух па стварэнні Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Сярод іншага ЕПВА прадугледжвае двухузроўневую сістэму адукацыі — бакалаўрыят (4 гады навучання) і магістратуру (2 гады). Працэс быў запушчаны з падпісання Балонскай дэкларацыі, якое адбылося ў 1999 годзе ва ўніверсітэце італьянскага горада Балоння, адкуль дэкларацыя і працэс атрымалі сваю назву.

Падзяліцца: