Мінск 02:08

Маці чацвярых дзяцей памерла ў мазырскай бальніцы пасля сямі нажавых раненняў, нанесеных мужам 7 лістапада

Крыніца: прэс-служба МУС / скрыншот “Позірку”

10 лістапада, Позірк. Жыхарка Мазыра (Гомельская вобласць) памерла ў бальніцы 10 лістапада ў выніку нажавых раненняў, нанесеных мужам трыма днямі раней, паведамляе мясцовы тэлеканал.

У дачыненні да мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа паводле п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым падазраваны таксама знаходзіцца ў бальніцы.

Паводле звестак следства, жанчыне было нанесена “не менш за сем удараў у вобласць твару і тулава”, пашкоджаныя “брушная паражніна і органы, якія знаходзяцца ў ёй”.

Адзначаецца, у сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей, малодшае дзіця — 2022 года нараджэння.

Пра затрыманне з ужываннем табельнай зброі ў Мазыры мужчыны, які спрабаваў забіць жонку, 7 лістапада паведаміла прэс-служба МУС.

У паведамленні гаварылася, што ўначы ў мясцовае РАУС патэлефанавала дзяўчынка і паведаміла, што яе бацька нанёс маці нажавыя раненні.

“Па ўказаным адрасе неадкладна выбылі супрацоўнікі міліцыі. З кватэры на першым паверсе даносіліся крыкі аб дапамозе і стогны. Паколькі дзверы былі зачыненыя, адзін з вартавых парадку пракраўся ў жыллё праз адкрытае акно”, — удакладніла ведамства.

На падлозе “ён убачыў жанчыну, якая ляжыць у крыві, а побач п’янага мужчыну з нажом у руках”: “Неаднаразовыя законныя патрабаванні супрацоўніка кінуць зброю агрэсар праігнараваў і накіраваўся ў бок міліцыянера. Каб абясшкодзіць дэбашыра, участковы інспектар ужыў табельны пісталет”.

У бальніцу былі дастаўленыя 41-гадовы падазраваны і яго 33-гадовая жонка. Жанчына знаходзілася ў цяжкім стане: “З дзецьмі ўсё ў парадку, яны перададзеныя сваякам”.

“Праводзіцца праверка, дзеянням мазыраніна будзе дадзеная прававая ацэнка. Раней фігурант прыцягваўся да крымінальнай адказнасці”, — адзначалася ў рэлізе.

Падзяліцца: