Мінск 09:46

Еўрапарламент разгледзіць пытанне пра пагрозы, якія зыходзяць з Беларусі і Расіі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 лістапада 2025 года ў 09:26

Фота: "Позірк"

20 лістапада, Позірк. Паведамленне Еўракамісіі “Рэакцыя ЕС на няспынныя парушэнні паветранай прасторы і дыверсіі ў дачыненні да крытычна важнай інфраструктуры у ЕС, выходныя з Расіі і Беларусі“ будзе разгледжана на сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу 26 лістапада, вынікае з папярэдняга парадку дня сесіі.

Пытанне ўключана туды на фоне нядаўніх дыверсій на чыгунцы ў Польшчы, да якіх у Варшаве лічаць датычнымі двух грамадзян Украіны, якія пасля выехалі ў Беларусь. 19 лістапада часоваму паверанаму ў справах Беларусі была ўручаная нота польскага МЗС з просьбай аб іх выдачы.

Таксама да пагроз крытычна важнай інфраструктуры можна аднесці метэазонды, якія запускаюцца з Беларусі ў Літву, з кантрабанднымі цыгарэтамі, з-за якіх некалькі разоў парушалася праца аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, а таксама паводле рашэння ўрада Літвы на працягу трох тыдняў, да 20 лістапада, былі зачыненыя ўсе памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

Парушэнні паветранай прасторы, якія ў Еўрасаюзе звязваюць з разведвальнай або дэстабілізуючай дзейнасцю Расіі, зафіксаваныя і ў іншых краінах ЕС.

У прыватнасці, у звароце ў Еўракамісію дэпутата Еўрапейскага парламента ад Літвы Людаса Мажыліса згадваліся, акрамя непасрэдна яго краіны, Данія, Польшча, Румынія, Германія і Бельгія.

Падзяліцца: