Мінск 11:28

Беларусь і М’янма ўзаемна скасавалі візавы рэжым

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

28 лістапада, Позірк. Беларусь і М’янма 28 лістапада ўзаемна скасавалі візавы рэжым. Адпаведнае пагадненне падпісалі беларускі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і яго м’янманскі калега Тан Свэ, вынікае з паведамленняў дзяржСМІ.

Адзначаецца, што дакумент быў падпісаны па выніках перагавораў Аляксандра Лукашэнкі з в.а. прэзідэнта М’янмы, старшынёй Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру Мін Аун Хлайнам.

Лукашэнка прыбыў у М’янму з двухдзённым афіцыйным візітам 27 лістапада — адразу ж пасля саміту Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які прайшоў у Кыргызстане (далей мае намер наведаць Аман, Алжыр ды інш.). У другі дзень візіту адбыліся перагаворы з м’янманскім кіраўніком.

“Вынік нашай працы ў Беларусі і ў М’янме гэтымі днямі можна выказаць адной формулай — мы ў Беларусі маем усё тое, што трэба сёння м’янманскаму народу, — заявіў беларускі палітык па выніках сустрэчы. — Вы маеце ўсё тое, што трэба нам. <…> Мы гатовыя не толькі прадаваць сваю прадукцыю ў М’янме. Мы гатовыя ствараць сумесныя прадпрыемствы па цікавых для вас напрамках і рыхтаваць адмыслоўцаў пад тыя тэхналогіі, якія перадамо вам”.

Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення пра бязвізавы рэжым з М’янмай за некалькі дзён да візіту — 25 лістапада. Яго прэс-служба заяўляла, што дакумент “замацоўвае магчымасць для грамадзян Беларусі ўязджаць, выязджаць і рухацца транзітам па тэрыторыі М’янмы без віз пры ўмове, што працягласць іх знаходжання не перавышае 30 дзён з даты ўезду (да 90 дзён на працягу каляндарнага года)”.

14 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення паміж Беларуссю і М’янмай аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі. 7 сакавіка ў Мінску на перамовах з Мін Аун Хлайнам (тады палітыка прадстаўлялі як старшыню Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм’ер-міністра М’янмы) ён вітаў рашэнне краіны падвысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі.

У сакавіку М’янму наведваў кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін.

10 студзеня паведамлялася, што на перамовах у Найп’іда Рыжанкоў і намеснік прэм’ера — саюзны міністр замежных спраў М’янмы Тан Свэ “канстатавалі падобныя пазіцыі ў шэрагу міжнародных пытанняў”.

2 лютага 2021 года ў М’янме пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі старэйшага генерала Мін Аун Хлайна быў здзейснены ваенны пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты, што перараслі ў грамадзянскую вайну. Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data) на чэрвень 2022 года, у выніку гвалту пасля перавароту агулам было забіта каля 21 тыс. чалавек.

Падзяліцца: