Мінск 20:10

МЗС запатрабаваў ад Літвы “неадкладнага прадстаўлення поўных даных” пра інцыдэнт на Ігналінскай АЭС

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

28 лістапада, Позірк. “Неадкладнага прадстаўлення поўных даных” аб інцыдэнце на Ігналінскай АЭС і “агулам строгага выканання ўсіх узятых на сябе абавязацельстваў” запатрабавала ад Літвы 28 лістапада Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У ведамстве заявілі, што, нягледзячы на шэраг дзеючых паміж дзяржавамі пагадненняў, “да гэтага часу не атрымана афіцыйная інфармацыя аб дадзеным інцыдэнце”.

“Факт яе адсутнасці выглядае асабліва цынічным на фоне пастаянных патрабаванняў Літвы аб так званай “празрыстасці” ў адносінах да Беларускай АЭС. Мы назіраем класічныя падвойныя стандарты: да іншых — максімальныя патрабаванні па выдуманых сітуацыях, да сябе — поўная адсутнасць адказнасці”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што “ў духу добрай волі” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях накіравала літоўскаму боку “прапанову аб аказанні беларускімі спецыялістамі неабходнай дапамогі”, аднак “адказу не было”.

“Дадзены выпадак — не эпізадычнае ўпушчэнне, а праява ўкаранёнай практыкі. Літоўскі бок дэманструе сістэмнае пагарджанне сваімі міжнароднымі абавязацельствамі, зусім нядаўна праяўленае таксама пры закрыцці памежных пераходаў на беларуска-літоўскай мяжы”, — заявілі ў МЗС.

27 лістапада МНС паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам на Ігналінскай атамнай электрастанцыі перавышэння кантрольных узроўняў радыяцыйнага фону на тэрыторыі Беларусі не зарэгістравана.

Раней Дэпартамент пажарнай бяспекі і ратавальных аперацый пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы паведаміў, што на тэрыторыі закрытай ІАЭС — “у адным з будынкаў найменш высокай катэгорыі небяспекі” — 25 лістапада адбыўся пажар.

Паводле інфармацыі ведамства, паведамленне пра ўзгаранне паступіла ў 16:37. Пажарныя прыбылі на месца праз тры хвіліны. З будынка было эвакуявана 9 чалавек, пацярпелых няма. Пажар быў лакалізаваны ў 17:05, ліквідаваны — у 19:07.

“Радыяцыйнай небяспекі для насельніцтва не зафіксавана (на месцы ўжо праведзены вымярэнні радыяцыйнага фону, вынікі не перавышаюць устаноўленыя нормы) — інцыдэнт не ўплывае на радыяцыйную бяспеку, таму ў насельніцтва няма падстаў для непакою, — гаварылася ў паведамленні. — Далейшыя праверкі змяненняў радыяцыйнага фону на тэрыторыі АЭС будуць працягнуты, дадаткова будзе праверана абсталяванне пажарных і ратавальнікаў, якія працавалі на месцы здарэння“.

У той жа дзень Дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі (VATESI) пацвердзіла атрыманне ад кіруючай ІАЭС кампаніі інфармацыі аб пажары, які, як высветлілася, адбыўся “ў комплексе па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі“.

“Кампанія паведаміла, што сітуацыя была ўзятая пад кантроль, пажар патушаны, падчас інцыдэнту ніхто не пацярпеў, радыяцыйнай шкоды для работнікаў, насельніцтва і навакольнага асяроддзя няма“, — адзначыў літоўскі ядзерны рэгулятар.

Паводле сцвярджэння VATESI, выкідаў радыеактыўных рэчываў у наваколле не зафіксавана.

“Звычайныя тэхналагічныя працы часова прыпынены да правядзення расследавання, рамонту і праверак перад запускам абсталявання. Згодна з устаноўленымі патрабаваннямі бяспекі, кампанія абавязаная правесці расследаванне інцыдэнту і ў вызначаныя тэрміны прадставіць VATESI высновы для ацэнкі“, — гаварылася ў паведамленні.

Ігналінская АЭС знаходзілася ў эксплуатацыі 26 гадоў — ад 31 снежня 1983 года да 31 снежня 2009-га. Размешчана на возеры Дрысвяты (літоўская назва Друкшай), якое раздзяляе Літву і Беларусь.

Падзяліцца: