Мінск 21:56

28 праваабарончых арганізацый: Вызваленне палітвязняў — недастатковы крок, пакуль рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца

Фото: pixabay.com

15 снежня, Позірк. Вызваленне палітвязняў “прыносіць доўгачаканую палёгку ім самім, іх сем’ям, калегам і праваабарончай супольнасці па ўсім свеце”, аднак “гэты крок застаецца недастатковым, пакуль сотні людзей працягваюць адвольна ўтрымлівацца ў Беларусі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў”. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве 28 праваабарончых арганізацый, апублікаванай 15 снежня на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады “неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і ўсіх адвольна затрыманых, спыніць судовыя пераследы і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, а таксама адмяніць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое выкарыстоўваецца для крыміналізацыі мірнага іншадумства і свабоды выказвання меркаванняў”.

Улады таксама павінны забяспечыць поўную рэабілітацыю, уключаючы адмену прысудаў і аднаўленне грамадзянскіх і палітычных правоў для ўсіх асоб, незаконна пазбаўленых волі на працягу многіх гадоў.

Аўтары заявы заклікаюць міжнародную супольнасць “працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя прававыя, палітычныя і дыпламатычныя меры для забеспячэння адказнасці за цяжкія парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы, у тым ліку шляхам перадачы сітуацыі на разгляд Міжнароднага крымінальнага суда”.

Заяву падпісалі: Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў; Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT), у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў; праваабарончы цэнтр “Вясна” (Беларусь); Цэнтр правоў чалавека (Грузія); Фонд ILI (Казахстан); Інстытут грамадзянскай супольнасці (Арменія); грамадскае аб’яднанне “Годнасць” (Казахстан); асацыяцыя Promo-LEX (Малдова); Нарвежскі Хельсінкскі камітэт; Оstgruppen (Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека); Austausch e.V. (Германія); Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК); Венгерскі Хельсінкскі камітэт; Цэнтр правоў чалавека Азербайджана; Aditus foundation (Мальта); LIBERECO (Германія/Швейцарыя); REDRESS Інстытут правоў чалавека (міжнародная арганізацыя); Міжнародная асацыяцыя юрыстаў (IBAHRI); ARTICLE 19 (Вялікабрытанія); People in Need (Чэхія); Front Line Defenders (Ірландыя); Bir Duino (Кыргызстан); АДЦ “Мемарыял” (Расія); Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE); Міжнароднае таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю (ISFED); Цэнтр правоў чалавека ZMINA (Украіна); Цэнтр грамадзянскіх свабод (Украіна); Творчы воркшоп па правах чалавека і псіхасацыяльнай устойлівасці (Польшча).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. 9 чалавек былі вывезеныя ў Літву.

Падзяліцца: