Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра ўплыў “поспехаў” КДБ на палітычныя рашэнні ў Беларусі

20 снежня, Позірк. Падзяка за службу тым, хто “застаецца верным традыцыям папярэднікаў”, аддаючы ўсе “сілы, веды і навыкі барацьбе са знешнімі і ўнутранымі пагрозамі дзяржаве”, выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 20 снежня асабовы склад і ветэранаў Камітэта дзяржбяспекі з прафесійным святам.
“Час выстаўляе да вас беспрэцэдэнтна высокія патрабаванні: кожны ваш поспех — важкі ўнёсак у прыняцце ключавых палітычных рашэнняў, ад якіх залежыць лёс краіны і народа”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.
На думку Лукашэнкі, спецслужба, створаная “ў самы знакавы перыяд фармавання беларускай дзяржаўнасці”, ужо больш за сто гадоў “знаходзіцца на пярэднім рубяжы абароны суверэнных інтарэсаў Радзімы”.
“З пакалення ў пакаленне супрацоўнікі КДБ удасканальваюць назапашаны досвед і эфектыўна вырашаюць складаныя задачы, адказваючы на выклікі нацыянальнай бяспецы”, — лічыць ён.
Роўна год таму Лукашэнка ўжо заяўляў, што вынікі працы КДБ “спрыяюць прыняццю найважнейшых палітычных рашэнняў, шмат у чым вызначаючы будучыню Радзімы, а значыць, і лёсы мільёнаў грамадзян”.
Тады ён выказаў перакананасць у тым, што камітэтчыкі зробяць “усё, каб узмацніць пазіцыі краіны ў зменлівым свеце, захаваўшы на роднай зямлі мір і стабільнасць”.
Паводле сцвярджэння палітыка, “з першых дзён стварэння спецслужбы чэкісты знаходзіліся ў авангардзе абароны дзяржавы, адстойваючы яе суверэнітэт і незалежнасць, у барацьбе з ворагам праяўлялі выключную стойкасць, рашучасць і мужнасць, паказваючы прыклад сапраўднага патрыятызму”.
Ад пачатку кіравання Лукашэнкі Камітэт дзяржаўнай бяспекі, як і яго аднайменны папярэднік у СССР, сярод іншага займаецца палітычна матываваным пераследам нелаяльных рэжыму грамадзян. У тым ліку гэтая структура адказная за напаўненне спісаў “тэрарыстаў” і “экстрэмісцкіх фарміраванняў” імёнамі і назвамі тых, хто не ідзе ў фарватары дзейнага рэжыму.
Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Беларусь знаходзіцца ў найглыбокім грамадска-палітычным крызісе, не спыняюцца рэпрэсіі небывалага маштабу. Парушэнні правоў чалавека, прымусовая пасадка замежнага пасажырскага самалёта, арганізацыя міграцыйнага крызісу, а таксама дапамога Расіі ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны фактычна ізалявалі Беларусь пад кіраваннем рэжыму Лукашэнкі ад дэмакратычнага свету і дазволілі РФ умацаваць свой уплыў на яе.
У апошні час рэжым у Мінску спрабуе размарозіць стасункі з Захадам, у прыватнасці з ЗША, кантактуючы, напрыклад, з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта гэтай краіны Дональда Трампа. Вынікам такіх кантактаў стала вызваленне і высылка з Беларусі некалькіх груп палітвязняў, за чым ішло частковае зняццё санкцый з боку Вашынгтона.
Адметна, што ў нарадзе, прысвечанай беларуска-амерыканскім стасункам, якая прайшла ў кастрычніку 2025 года ў Лукашэнкі, сярод іншых удзельнічаў старшыня КДБ Іван Церцель.

- Эканоміка
- ЭканомікаЗа два месяцы колькасць вакансій для замежных работнікаў павялічылася ў Беларусі на 22,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаГенсак Кангрэса мясцовых уладаў лічыць магчымым збліжэнне беларускіх дэмсілаў і Украіны на рэгіянальным узроўні (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа пяць гадоў колькасць пабудаваных кватэр зменшылася амаль на чвэрць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаЗа трэці квартал 2026 года вырасла доля занятых у эканоміцы жанчын і гарадскога насельніцтва — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЗамежныя інвестыцыі ў асноўны капітал за пяць гадоў зменшыліся ў 1,55 раза — звесткі БелстатаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка


