Мінск 15:16

У Слуцкім раёне паводле сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі будуецца завод па вытворчасці снарадаў — BelPol

Відэа: BelPol Стоп-кадр: “Позірк”

21 снежня, Позірк. Завод па вытворчасці рэактыўных снарадаў для РСЗА “Град” і артылерыйскіх снарадаў калібра 155 мм будуецца ў 60 км ад Мінска — у Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка, паведамляе ў новым расследаванні аб’яднанне BelPol.

Адзначаецца, што месцам для базавання вытворчасці вызначана тэрыторыя былой ракетнай базы, якая не дзейнічае з 1996 года.

Прадпрыемства ўзводзіцца паводле сакрэтнага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі № 181 ад 2 лістапада 2023 года, гаворыцца ў расследаванні. Пры гэтым працы па стварэнні аб’екта дэ-факта пачаліся яшчэ раней, звяртаецца ўвага BelPol.

Для будаўніцтва пераймаецца аналагічны досвед Расіі і Кітая, таксама ў гэтых краінах былі закупленыя тэхналагічныя лініі для вырабу снарадаў.

Мяркуецца, што завод зможа працаваць мінімум 250 дзён у годзе ў 2–3 сямігадзінныя змены і будзе вырабляць у год да 120 тыс. рэактыўных і столькі ж артылерыйскіх снарадаў.

Тэрмін эксплуатацыі вытворчасці складае 50 гадоў. Заканчэнне будаўніцтва запланавана на снежань 2026 года.

Назва прадпрыемства — закрытае акцыянернае таварыства “Завод карпусных вырабаў” (ЗКВ). Гэта юрыдычная асоба была зарэгістраваная 16 лістапада 2023 года Слуцкім райвыканкамам. Акцыянеры — прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу ЗАТ “Завод дакладнай электрамеханікі” і ААТ “ВолатАўта”.

7 снежня 2023-га завод узначаліў намеснік дырэктара па развіцці і новых распрацоўках “ВолатАўта” Дзмітрый Караткевіч.

Паведамляецца, што прадпрыемства будуецца на крэдытныя сродкі “Белінвестбанка”.

З лета 2024 года праводзіцца набор кадраў, укамплектаваны інжынерскі склад. Агульная колькасць работнікаў павінна скласці каля 1,5 тыс.

Паводле даных BelPol, ЗКВ ўзводзіцца на трох участках зямлі — тут будуюцца вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі, цэхі, склады, гаражы і інш. Планам прадугледжана наяўнасць на прадпрыемстве пажарнага дэпо.

Пры гэтым галоўны офіс завода размяшчаецца ў Мінску па адрасе вул. Захарава, 76.

Сцвярджаецца, што Завод карпусных вырабаў стане ключавым прадпрыемствам ВПК Беларусі і фінальным пунктам стварэння ў краіне галіны па вытворчасці боепрыпасаў.

Пры гэтым, як і іншыя ваенна-прамысловыя прадпрыемствы, ЗКВ будзе пастаўляць прадукцыю ў Расію. “Заказчык вядучы агрэсіўную вайну, мае вялікую патрэбу ў боепрыпасах”, — гаворыцца ў расследаванні.

Падзяліцца: