Мінск 23:47

“Гродна Азот” пастаўляе прадукцыю ў Расію для вытворчасці ваеннай амуніцыі і абыходзіць санкцыі ЕС

Фота: azot.by

23 снежня, Позірк. Прадпрыемства “Гродна Азот” пастаўляе прадукцыю ў Еўрасаюз, абыходзячы санкцыі, а таксама ў Расію — для вытворчасці там ваеннай амуніцыі, гаворыцца ў матэрыяле Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Гэта пацвярджаецца словамі кіраўніцтва прадпрыемства. З поліаміду, які вырабляе прадпрыемства, робяць бронекамізэлькі і браняшлемы, заявіў дырэктар “Гродна Азота” Ігар Ляшэнка летам 2024 года на XI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Адзін са спажыўцоў прадукцыі — цвярскі Навукова-даследчы інстытут сінтэтычнага валакна з эксперыментальным заводам, які ўдзельнічаў у распрацоўках у вобласці ваенных матэрыялаў. Філіял “Грона-Азота”, гродзенскі “Завод Хімвалакно”, з 2023 года па красавік 2025-га паставіў туды шэсць партый поліаміду агульнай вагой 18 тон.

Хімік-фармацэўт Сяргей Бесараб у каментары БРЦ выказаў меркаванне, што для навукова-даследчага прадпрыемства гэта вельмі шмат: “Я думаю, што гэта не проста навукова-даследчая дзейнасць, гэта навукова-даследчая дзейнасць з дробнасерыйным выпускам чагосьці”.

Яшчэ адзін кліент беларускага прадпрыемства, звязаны з расійскім ВПК, — АТ “Завод Труд” у Ніжнім Ноўгарадзе, які супрацоўнічае з міністэрствамі абароны і надзвычайных сітуацый Расіі і іншымі сілавымі ведамствамі. Ад жніўня 2022 года да красавіка 2023-га завод закупіў дзясяткі тон беларускай сыравіны амаль на 370 тыс. долараў.

Атрымальнікам значнай часткі прадукцыі “Завода Хімвалакно” ў Расію ўказана ўласная дыстрыб’ютарская сетка канцэрна “Белнафтахім” — расійскае ТАА “Белнафтахім-Рас”. Гэтая кампанія цесна супрацоўнічала з Міністэрствам абароны Расіі, адзначае БРЦ.

Паводле ацэнак расследавальнікаў, у цэлым ад 2022 года да ліпеня 2025-га расійскія прадпрыемствы атрымалі тысячы тон беларускіх поліамідных нітак на 48 млн долараў, а чыстага поліаміду — прыкладна на 60 млн долараў.

“Завод Хімвалакно” пастаўляе прадукцыю не толькі ў Расію, але і ў Еўрасаюз, нягледзячы на санкцыйныя абмежаванні. Каб абысці іх, выкарыстоўваюць фірмы-пракладкі. Адна з іх — ТАА “Гроніці”. Яе стварылі ў лютым 2021 года, за два месяцы да таго, як ЗША вярнулі санкцыі. Кампанія вырабляе канатна-вяровачную прадукцыю. Роля “Гроніці” ў пастаўках забароненай прадукцыі ў ЕС пацвярджае дакумент, які БРЦ атрымаў ад ініцыятывы “Рабочы рух”. У жніўні 2021 года кампанія падпісала з “Гродна Азотам” дамову № 454 “для вывазу з Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме” поліаміднай ніткі на амаль 650 тыс. еўра. Потым гэты дакумент абнаўлялі, пашыралі спіс прадукцыі на вываз. Падсанкцыйнае дзяржпрадпрыемства “дало афіцыйны дазвол змяняць паходжанне свайго тавару пры яго продажы ў Еўрасаюз”.

З афіцыйных зваротаў за 2022 і 2023 гады расследавальнікі даведаліся, што прадстаўнікі “Завода Хімвалакно” прасілі кіраўніцтва кампаніі “Гроніці” дапамагчы з продажам іх прадукцыі. Яны пісалі, што не могуць атрымаць плацяжы з Бразіліі, Турцыі і Кітая. Гэтыя краіны не ўводзілі абмежаванняў супраць беларускага прадпрыемства, аднак маглі асцерагацца другасных амерыканскіх санкцый.

Ад жніўня 2021-га да канца лістапада 2022 года беларускае дзяржпрадпрыемства заключыла дамоў на продаж прадукцыі праз “Гроніці” амаль на 15 млн еўра, сцвярджае БРЦ. З пачатку 2023-га ў Італію і Латвію праз фірму-пракладку было адпраўлена больш як па 300 партый санкцыйнай прадукцыі, яшчэ 142 — у Польшчу. Схема працуе і ў 2025 годзе.

Намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях “Гроніці” Аляксей Карасцялёў валодае ТАА “Ар-бел каммадытэс”, якое таксама дапамагае “Гродна Азоту” абыходзіць санкцыі, адзначае БРЦ. У жніўні 2025 года “Ар-бел каммадытэс” заключыла дамову на 2 млн еўра з турэцкай кампаніяй на пастаўку поліаміднай прадукцыі, якую, як высветліў БРЦ, насамрэч вырабляе беларускае падсанкцыйнае прадпрыемства.

Акрамя таго, Карасцялёў дапамагаў “Заводу Хімвалакно” пастаўляць нейлон у Іран, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.

“Не перакладаючы ўсю адказнасць на замоўцаў, варта адзначыць: падсанкцыйнае дзяржпрадпрыемства “Гродна Азот” зарабляе на вайне, пастаўляючы сыравіну прадпрыемствам, звязаным з расійскім ВПК, і адначасова выводзіць сваю прадукцыю ў Еўрасаюз праз фірмы-пракладкі. Дакументы, кантракты і перапіска, сабраныя БРЦ, паказваюць, што гаворка не аб адзінкавым абыходзе абмежаванняў, а аб наладжанай схеме, якая працуе гадамі. Санкцыі, уведзеныя за рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, не спынілі паток — яны толькі прымусілі змяніць маршрут”, — робіць выснову БРЦ.

10 кастрычніка паведамлялася, што польская кампанія TST PL sp. z o.o. патрапіла ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) краіны праз удзел у незаконных схемах па абыходзе санкцый, накладзеных на ААТ “Гродна Азот”.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай падатковай службы, якая выступіла ініцыятарам прыняцця такога рашэння, бенефіцыярным уладальнікам кампаніі з’яўляецца грамадзянін Арменіі Армэн Аруцюнян, звязаны з шэрагам беларускіх фірм, якія былі дададзены ў санкцыйны спіс МУСіА ў снежні 2024 года.

3 ліпеня стала вядома, што вышэйшая інстанцыя Суда Еўрапейскага саюза (Court of Justice, таксама Еўрапейскі суд) адхіліла апеляцыйную скаргу “Гродна Азота” і “Хімвалакна” на адмову першай інстанцыі Суда ЕС (General Court, Агульны суд) зняць з іх санкцыі.

Савет ЕС увёў абмежавальныя меры ў адносінах да згаданых прадпрыемстваў 2 снежня 2021 года — за рэпрэсій кіраўніцтва супраць работнікаў, а таксама за фактычнае фінансаванне рэжыму Лукашэнкі.

Прадпрыемствы палічылі падставы ўключэння ў санкцыйны спіс неабгрунтаванымі і паспрабавалі аспрэчыць рашэнне Савета ЕС. У пазове, пададзеным у Суд ЕС, яны ўказалі, што працуюць у адпаведнасці з заканадаўствам, а іх адлічэнні нельга кваліфікаваць як падтрымку ўладаў.

Першая інстанцыя Суда ЕС рашэннем ад 21 лютага 2024 года пацвердзіла правамернасць санкцый.

У апеляцыі прадпрыемствы скардзіліся на тое, што першая інстанцыя выкарыстоўвала дакументы, прадстаўленыя імі для абароны, супраць іх. Вышэйшая інстанцыя ў рашэнні ад 3 ліпеня адзначыла, што першая інстанцыя не сказіла даныя ў іх, а “лагічна вытлумачыла”.

На спробу прадпрыемстваў даказаць, што пераказ прыбытку дзяржаве — гэта падатак, а не добраахвотная падтрымка, суд канстатаваў, што нават абавязковы характар адлічэнняў не мяняе сутнасці — грошы пераказваюцца дзяржаве, якая вядзе рэпрэсіўную палітыку.

“Гродна Азот” і “Хімвалакно” ў апеляцыі называлі недаказаным тое, што сумы былі настолькі істотнымі, каб можна было казаць пра “фінансаванне рэжыму”. Вышэйшая інстанцыя адзначыла, што памер адлічэнняў не мае значэння, дастаткова факту рэгулярнасці выплат, каб лічыць іх унёскам у фінансаванне рэжыму.

Падзяліцца: