Мінск 17:07

На БелАЭС з 2020 года выраблена 60 млрд кВт⋅г энергіі — Мінэнерга

26 красавіка, Позірк. 60 млрд кВт⋅г энергіі выраблена на БелАЭС з 3 лістапада 2020 года, калі першы энергаблок станцыі быў падлучаны да аб’яднанай энергасістэмы, паведамляе Міністэрства энергетыкі.

“Гэта дазволіла замясціць каля 16 млрд кубаметраў прыроднага газу”, — заявілі ў ведамстве.

Сцвярджаецца, што кожны энергаблок станцыі вырабляе каля 28 млн кВт·г электраэнергіі ў суткі.

“Доля атамнай генерацыі ў агульным аб’ёме вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі складае каля 40%”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца, што пры будаўніцтве і эксплуатацыі АЭС “рэалізаваныя сучасныя падыходы да забеспячэння бяспекі, заснаваныя на міжнародных стандартах і досведзе развіцця атамнай энергетыкі”.

“БелАЭС уносіць унёсак у энергетычную бяспеку краіны, забяспечвае ўстойлівае электразабеспячэнне насельніцтва і эканомікі, дазваляе зніжаць выкарыстанне прыроднага газу”, — адзначае Мінэнерга.

Намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч 6 красавіка ацаніў агульны аб’ём вытворчасці энергіі БелАЭС амаль у 59 млрд кВт⋅г.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

У лістападзе 2025 года стала вядома, што ўлады маюць намер пабудаваць трэці энергаблок БелАЭС (уключыць у энергасістэму плануецца ў 2035–2038 гадах).

Пры гэтым яны не адмаўляюцца ад ідэі збудаваць другую атамную станцыю — ва ўсходняй частцы краіны.

Падзяліцца: