Мінск 15:16

Праверка ва Узброеных сілах працягнецца да вясны, паралельна распачатая яшчэ адна

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Міністэрства абароны

26 студзеня, Позірк. Раптоўная праверка Узброеных сіл, якая распачалася 16 студзеня, “будзе праходзіць у гэтых сур’ёзных умовах да вясны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ў Мінску на нарадзе па стварэнні адукацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі таленавітай моладзі па прафесіях будучыні.

Раней дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што гэтая праверка праводзіцца паводле новай сістэмы. У прыватнасці, паводле слоў чыноўніка, ён асабіста — у абыход міністра абароны — уручыў камандзіру адной з мехбрыгад распараджэнне прывесці вайсковую часць у баявую гатоўнасць.

“Міністр абароны ніяк не можа паўплываць на гэты ход праверкі”, — сказаў Вальфовіч. Раней ён таксама заяўляў, што Лукашэнка “асабіста будзе браць удзел падчас гэтай праверкі, але якія часткі і ў які час, ён вызначыць сам”.

Адметна, што 26 студзеня міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў — з гэтага дня распачынаецца яшчэ адна праверка боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў. Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, мерапрыемствы будуць мець “комплексны характар ​​з паэтапным нарошчваннем як асабовага складу, так і колькасці вайсковых часцей і падраздзяленняў”.

“Асаблівасцю гэтай праверкі будзе з’яўляцца тое, што ў рамках падрыхтоўкі ваеннанавучанага рэзерву для Узброеных сіл гэта планавае мерапрыемства, а для вайсковых часцей і падраздзяленняў, якія правяраюцца, яна будзе насіць пазапланавы характар ​​у выглядзе раптоўнай праверкі, — сказаў чыноўнік. — Асноўная мэта — ацаніць гатоўнасць і здольнасць асабовага складу. Пачынаючы ад прызыву ваеннаабавязаных да зняцця з захоўвання ўзбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, правядзення баявога зладжвання і падрыхтоўкі выхаду ў раёны засяроджвання”.

“Асаблівая ўвага”, паводле яго слоў, будзе нададзеная “адпрацоўцы пытанняў ахоўвання, маскавання і процідзеяння сучасным сродкам барацьбы, такім як беспілотныя лятучыя апараты”.

На завяршальным этапе плануецца правесці на розных палігонах і ўчастках мясцовасці “комплекснае вучэнне з падраздзяленнямі і вайсковымі часцямі, якія прыцягваюцца да праверкі”. “Будуць адпрацаваныя новыя формы і спосабы вядзення абарончых і наступальных дзеянняў з шырокім прымяненнем беспілотных лятучых апаратаў, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы”, — паведаміў кіраўнік Мінабароны.

Хрэнін патлумачыў, што праверка на падставе плану Мінабароны і Генштаба УС і праверка паводле распараджэння Лукашэнкі, — гэта “гэта зусім розныя” мерапрыемствы.

Папярэдняя “раптоўная праверка” УС праводзілася ў кастрычніку 2025 года.

Рэжым Лукашэнкі практычна няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам (акрамя ЗША пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: