Мінск 14:54

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікаюць вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

20 сакавіка, Позірк. Шэраг вядомых міжнародных праваабарончых арганізацый прывітаў вызваленне 250 беларускіх палітвязняў, якое адбылося 19 сакавіка і адначасова заклікаў беларускія ўлады выпусціць з турмаў тых, хто застаўся.

Арганізацыя ARTICLE 19, вылучыўшы вызваленне праваабаронцаў Анастасіі Лойка, Марфы (Марыі) Рабковай і Валянціна Стэфановіча, а таксама журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), у тэматычнай заяве адзначыла, што гэтую падзею “не варта ўспрымаць як пазітыўны зрух у больш шырокай рэпрэсіўнай палітыцы ўладаў”, і “зноў падкрэсліла”, што “ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць вызвалены”.

Сетка дамоў па абароне правоў чалавека (Human Rights House Foundation), якая аб’ядноўвае больш за 80 незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці ў розных еўрапейскіх краінах, у сваім рэлізе асобна згадала Рабкову, Стэфановіча і Лойку. “Мы працягваем патрабаваць справядлівасці ў сувязі з іх палітычна матываваным зняволеннем, а таксама вызвалення больш чым 1,1 тыс. палітычных зняволеных у краіне”, — гаворыцца ў заяве згаданай арганізацыі.

Дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс лічыць: “Хоць вызваленне сотняў людзей, несправядліва затрыманых паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, з’яўляецца пазітыўным крокам, яго нельга ўспрымаць як свята справядлівасці. Марфа Рабкова, Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч і іншыя не павінны былі правесці ў зняволенні ні дня”.

Свабода, на яе думку, “ніколі не павінна станавіцца прадметам геапалітычнага гандлю людзьмі”: “Справядлівасць не будзе адноўлена да таго часу, пакуль вінаватыя ў іх незаконным пазбаўленні волі не будуць прыцягнуты да адказнасці. Улады Беларусі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто застаецца ў зняволенні выключна за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, адмяніць вынесеныя ім прысуды і пакласці канец сістэмным рэпрэсіям супраць крытыкаў улады”.

У Камітэце па абароне журналістаў (CPJ) заявілі, што “вітаюць вызваленне Кацярыны Андрэевай пасля многіх гадоў несправядлівага зняволення за сваю працу і высока ацэньваюць вядучую ролю амерыканскіх дыпламатаў у забеспячэнні яе свабоды”.

Як раней паведамляў “Позірк”, вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас назвала вызваленне 250 беларускіх палітвязняў, якое адбылося 19 сакавіка, “пазітыўным і адчувальным крокам наперад”, адначасова заявіўшы, што “ўсе, хто дагэтуль несправядліва ўтрымліваецца ў Беларусі, павінны быць вызвалены, а рэпрэсіі — спынены”.

Таксама вітала вызваленне міністр замежных спраў Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард. “Ні адзін палітычны зняволены не павінен быць вымушаны пакідаць сваю краіну ў якасці ўмовы вызвалення. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх астатніх палітычных зняволеных”, — напісала яна ў сацсетцы Х.

У выніку сустрэчы з дэлегацыяй ЗША 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталіся ў Беларусі, а 15 былі адпраўлены ў Літву без дакументаў.

Падзяліцца: