Мінск 19:23

Для часткі вызваленых палітвязняў у Беларусі ўведзеныя строгія абмежаванні — рух “Ружовыя хустачкі”

Ілюстрацыйнае фота: Ruben Christen / unsplash.com

21 сакавіка, Позірк. Перад вызваленнем частку палітвязняў апавясцілі пра ўмовы знаходжання на волі — праверкі і ўвядзенне шэрагу строгіх абмежаванняў, паведаміў рух рэпрэсаваных беларусак “Ружовыя хустачкі”.

Паводле “наяўнай інфармацыі”, ім сярод іншага забаронена выкарыстоўваць банкаўскія карты, афармляць і карыстацца SIM-карткамі (“тым, хто ў экстрэмісцкіх / тэрарыстычных спісах, гэта і так не свеціць”).

“Любое парушэнне (аж да нязначных, напрыклад, ужывання алкаголю) можа прывесці да паўторнага зняволення (хто б сумняваўся). Таксама паведамляецца, што ў святочныя дні вызваленых могуць змяшчаць у ІЧУ або СІЗА”, — гаворыцца ў паведамленні.

19 сакавіка па выніках чарговых перагавораў са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 палітвязняў. 235 ён дазволіў застацца на радзіме, 15 было вывезена ў Літву (некаторыя пасля накіравалі ў Польшчу).

На наступны дзень Лукашэнка заявіў дзяржСМІ, што з 235 пакінутых на тэрыторыі Беларусі “пагрозу могуць несці каля 30 або 40 чалавек”.

“Мы ведаем кожнага персанальна. Мы ведаем, пра што яны кажуць, як яны жывуць ды іншае. Там з 235 чалавек ну можа 30, можа 40, якія могуць, калі раптам нешта адбудзецца, бчб-сцягі ўзяць у рукі. Але мы іх ведаем. І перш, чым выпускаць, яны ўсе ўзятыя на кантроль спецслужбамі і міліцыяй”, — сказаў ён.

Гэтую заяву Лукашэнкі прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская назвала “адкрытым папярэджаннем людзям, якія толькі выйшлі на волю пасля гадоў несправядлівага зняволення, пакутаў і катаванняў”.

“Рэжым дае зразумець, што не адпусціць іх. Мы разам з праваабарончай і гуманітарнай супольнасцямі заклікаем гарантаваць бяспеку вызваленых і гарантаваць ім магчымасць у поўнай меры карыстацца сваімі правамі”, — адзначыла яна.

Падзяліцца: