Мінск 08:59

Грамадзянін Украіны затрыманы за спробу ўвозу ў Беларусь нарказмяшчальных БАДаў

Фота: ДМК

27 сакавіка, Позірк. Аб спыненні спробы ўвозу ў Беларусь больш за 6,3 кг таблетак, якія змяшчаюць асабліва небяспечны наркотык, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Таблеткі перавозіў на аўтамабілі “Опель” 52-гадовы грамадзянін Украіны. Ён перасякаў мяжу ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль).

Адзначаецца, што сярод яго асабістых рэчаў выяўленыя тры ёмістасці з біяактыўнымі дадаткамі (БАД) для спартсменаў, на што “ўказвалі этыкеткі на іх”.

“Кіроўца аўтамабіля растлумачыў, што вязе гэты тавар на просьбу трэціх асоб”, — гаворыцца ў паведамленні.

З дапамогай экспертызы ўстаноўлена, што таблеткі “ўтрымліваюць у сваім складзе асабліва небяспечны наркатычны сродак — кадэін”.

Заяўляецца, што “ў выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” сумесна з супрацоўнікамі адпаведных структур РФ “устаноўленыя заказчыкі і атрымальнікі забароненага грузу”. Імі, паводле даных ДМК, аказаліся “расійскія грамадзяне, якія пражываюць у Сімферопалі” (Крым, анексаваная РФ тэрыторыя Украіны).

“Злачынцы затрыманыя”, — паведамляе мытня.

Узбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3281 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў).

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: