Мінск 21:08

Наўседа: Дыялог з Мінскам магчымы, толькі калі ён праявіць добрасуседскую волю

Вільнюс
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 сакавіка, Позірк. Дыялог з Мінскам магчымы толькі ў тым выпадку, калі Беларусь праявіць добрасуседскую волю, але яе з боку Беларусі не відаць, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, рэагуючы на заклік спецпасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла аднавіць сувязі з Мінскам.

“Найперш я хачу адзначыць, і я ўжо казаў пра гэта камісару, што пытанне аб угнаеннях вырашаецца на ўзроўні Еўрапейскага саюза, — цытуе Наўседу LRT. — Зусім нядаўна санкцыі былі падоўжаныя яшчэ на 12 месяцаў, хоць яны былі ўведзеныя значна раней і звязаныя не столькі з цяперашнімі гібрыднымі нападамі, колькі з парушэннямі правоў чалавека, з незаконнымі прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. І, без сумневу, з рэальным дэ-факта ўдзелам Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны“.

Паводле ацэнкі прэзідэнта Літвы, зараз беларускія ўлады дэманструюць нешта падобнае на “прыцягненне-адштурхванне”.

“У адным месцы дэманструецца нейкая меркаваная добразычлівасць, хоць цяжка ацаніць гэта як прыкмета добрай волі, калі, скажам так, нашы літоўскія грузавікі, якія былі незаконна спыненыя і затрыманыя, вяртаюць. Гэта як калі б вы былі ўдзячныя за тое, што незаконна канфіскаваны тавар вяртаецца“, — адзначыў Наўседа.

Пры гэтым “нядаўнія атакі з выкарыстаннем паветраных шароў абвяргаюць здагадкі, пра якія казаў паважаны спадар Коўл, пра тое, што праблема з паветранымі шарамі ў значнай ступені вырашаная“.

“На жаль, яна не вырашаная, і гэта дэманструецца нават такім паказальным чынам, пасля таго як спецыяльны прадстаўнік толькі што пакінуў Беларусь. Усё гэта кажа пра тое, што мы пакуль не бачым ніякай добрай волі з боку Беларусі, і я б сказаў, што магчымасці для дыялогу ўзнікаюць, калі іншы бок дэманструе добрую волю да развіцця — наколькі гэта магчыма — добрасуседскіх адносін“, — адзначыў прэзідэнт Літвы.

Паводле яго слоў, кантакты, дыялог на пэўным узроўні з Беларуссю магчымыя, калі на працягу пэўнага перыяду часу Літва ўбачыць, што сітуацыя стабільная і беларускі рэжым не ўяўляе прамой пагрозы для краіны.

Раней Коўл заявіў у інтэрв’ю LRT (апублікавана 27 сакавіка) аб неабходнасці дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам.

18 сакавіка падчас сустрэчы з Наўседам амерыканскі пасланнік падняў пытанне аб магчымасці аднаўлення палітычнага дыялогу паміж уладамі дзвюх краін.

“Мой адказ быў вельмі ясны, бо мы добра ведаем гэтага суседа і канкрэтна гэтага дыктатара. Мой пасыл спадару Коўлу заключаўся ў тым, каб вельмі асцярожна трактаваць любыя крокі беларускіх уладаў, паколькі яны па сваёй прыродзе і з-за ідэнтыфікацыі з Расіяй практычна неаддзельныя ад расійскай дзяржавы”, — сказаў па выніках перамоваў Наўседа.

Падчас візіту ў Вільнюс 18 сакавіка Коўл правёў шэраг сустрэч з літоўскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Інгай Ругінене.

Каментуючы ягоныя словы ад 27 сакавіка, магчымыя кантакты з Мінскам яна назвала “сустрэчай тэхнічнага характару”.

Падзяліцца: