На мерапрыемстве АБСЕ Беларусь заявіла пра поспехі ў барацьбе з гандлем людзьмі, супрацьпаставіўшы сябе ЕС

22 красавіка, Позірк. Пра поспехі беларускай палітыкі ў галіне супрацьдзеяння трафікінгу заявіла дэлегацыя Міністэрства ўнутраных спраў на “26-й канферэнцыі АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі”, вынікае з паведамлення тэлеграм-канала ведамасных выданняў — газеты “На страже” і часопіса “Міліцыя Беларусі”.
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра 26-ю канферэнцыю Альянсу па гандлі людзьмі, арганізаваную Бюро Спецыяльнага прадстаўніка і каардынатара АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі, якая прайшла 20–21 красавіка ў Вене (Аўстрыя).
Міністэрскі рэсурс паведаміў, што “мерапрыемства было прысвечанае адной з хуткарослых і найменш вывучаных форм эксплуатацыі — прымушэнню ахвяр да злачыннай дзейнасці”, калі “ў зоне рызыкі апынаюцца дзеці, мігранты і асобы ва ўразлівым становішчы”.
Намеснік начальніка 2-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Ігар Старых заявіў на канферэнцыі, што “ў беларускай мадэлі дзяржаўнай палітыкі супрацьдзеянне трафікінгу заканадаўча замацаванае за прэзідэнтам і ўрадам”.
“Гэта забяспечвае аператыўнасць прыняцця патрэбных мер і стабільнае фінансаванне, — сказаў ён. — У адрозненне ад шэрагу краін Еўрасаюза, дзе рашэнні прымаюцца ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. У цэлым мы адданыя прынцыпу дэпалітызацыі барацьбы з гандлем людзьмі і развіццю практычнай міждзяржаўнай супрацы ў гэтай сферы”.
“Акцэнт зроблены на прафілактыцы негатыўнай з’явы, дапамозе ахвярам і няўхільнасці пакарання для трафікёраў. У адрозненне ад некаторых дзяржаў ЕС (Аўстрыі, Францыі) робім ухіл на актыўнае выяўленне латэнтных злачынстваў, што дае магчымасць рэальна зніжаць узровень злачыннасці”, — дадаў Старых.
Заяўлена, што на канферэнцыі “абмеркаваныя дзейсныя інструменты абароны ахвяр трафікінгу, пашырэнне іх доступу да правасуддзя, эфектыўныя метады выяўлення і спынення фактаў злачыннай эксплуатацыі, прафілактычная праца”.
У 25-м профільным дакладзе Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі, апублікаваным леьась у верасні, адзначалася, што Беларусь з’яўляецца адной з краін, у якіх “дакументальна пацверджаная палітыка ці схема гандлю людзьмі”.
У спісе краін, дзе зафіксаваныя “гандаль людзьмі ў рамках праграм, што фінансуюцца ўладамі, прымусовая праца ў сферы звязаных з дзяржавай медыцынскіх паслуг ды іншых сектарах, сексуальнае рабства, выкарыстанне або вербаванне дзяцей у якасці салдат”, апрача Беларусі фігуравалі Афганістан, Іран, Кітай, Камбоджа, КНДР, Куба, Расія, Паўночная Карэя, Сірыя (з пазнакай “рэжым Асада”), Судан, Эрытрэя, Паўднёвы Судан.
“Надзвычай уразлівымі для гандлю людзьмі” ў дакладзе былі названыя ўкраінскія дзеці, якіх улады ў Мінску перапраўляюць на беларускую тэрыторыю.
Паведамлялася, што беларускія ўлады “працягваюць садзейнічаць нелегальнай міграцыі ў Латвію, Літву і Польшчу”, а таксама “ўезду ў Беларусь тысяч мігрантаў і асоб, што шукаюць прытулку, з краін Блізкага Усходу, краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Цэнтральнай Азіі”. Гэтыя мігранты і асобы, што шукаюць прытулку, “застаюцца ўразлівымі да гандлю людзьмі”.
У дакладзе гаварылася, што на працягу справаздачнага перыяду (з красавіка 2024 года па сакавік 2025-га) у Беларусі “існавала дзяржаўная палітыка або сістэма прымусовай працы ў дзяржаўных “цэнтрах працоўнай тэрапіі” (гаворка пра лячэбна-працоўныя прафілакторыі, ЛПП). “Улады прымушалі тысячы людзей з наркатычнай або алкагольнай залежнасцю, а таксама палітычных зняволеных” выконваць у ЛПП “шырокі спектр работ”; у 2024 годзе “ў іх утрымлівалася не менш за 10.852 чалавек”.
Паводле звестак Дзярждэпартамента, беларускі ўрад “знізіў актыўнасць праваахоўных органаў па барацьбе з гандлем людзьмі”. Адзначалася, што ў 2024 годзе ўлады не паведамлялі пра правядзенне расследаванняў або пераслед па злачынствах, звязаных з гандлем людзьмі. Пры гэтым даныя за 2023 год раскрываліся — 79 расследаванняў і судовы пераслед па 38 справах у рамках арт. 171 (арганізацыя, выкарыстанне занятку прастытуцыяй альбо стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй) і арт. 1711 (уцягванне ў занятак прастытуцыяй альбо прымус да працягу занятку прастытуцыяй).
!Ужо чацвёрты год запар урад не паведамляе пра вынясенне абвінаваўчых прыгавораў ніводнаму гандляру людзьмі паводле арт. 181 (гандаль людзьмі) або 1811 (выкарыстанне рабскай працы)”, — гаварылася ў дакладзе.
Паведамлялася, што “на тэрыторыі Беларусі былі выяўленыя ахвяры трафікераў — беларусы, малдаване, расіяне, украінцы, в’етнамцы, ганцы. Большасць гандляроў людзьмі — беларускія грамадзяне”.
Дзярждэпартамэнт рэкамендаваў уладам Беларусі спыніць выкарыстанне прымусовай працы ў ЛПП; актыўна расследаваць і пераследаваць у судовым парадку злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі; павялічыць аб’ём рэсурсаў, выдзеленых на дапамогу і абарону ахвярам гандлю людзьмі ў Беларусі; наладзіць супрацоўніцтва з НДА, што аказваюць дапамогу ахвярам гандлю людзьмі.
Амерыканскае ведамства таксама рэкамендавала “спыніць арганізаваную перадачу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь” і зрабіць усе неабходныя захады для “прадухілення гандлю людзьмі сярод гэтай групы насельніцтва, у тым ліку шляхам гарантавання бяспечнага вяртання гэтых дзяцей да бацькоў або апекуноў”.
Дзярждэп палічыў мэтазгодным “растлумачыць у крымінальным заканадаўстве Беларусі, што за мірнае выказванне палітычных поглядаў не могуць прымяняцца пакаранні, звязаныя з абавязковай або прымусовай працай, і забяспечыць, каб дзеці не падвяргаліся прымусовай працы ў якасці пакарання”.
Даклад утрымліваў і іншыя рэкамендацыі, звесткі і высновы, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць аднясення Беларусі да ліку краін, у якіх “дакументальна пацверджаная палітыка або схема гандлю людзьмі”.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ рэйтынгу ЦНІ сярод беларускіх гарадоў першае месца заняў Мінск, у пяцёрку ўвайшлі Смалявічы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаУ першым квартале па эканамічным развіцці лідарам сярод рэгіёнаў была Брэсцкая вобласць, аўтсайдарам — МагілёўскаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа пяць гадоў аб'ём платных паслуг на душу насельніцтва павялічыўся ў 2,3 раза — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ першым квартале толькі ў Брэсцкай вобласці і Мінску адзначаная дадатная дынаміка ВРПМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка



