Мінск 02:19

Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Наўроцкім

Фота: "Вясна"

22 красавіка, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў 22 красавіка пра сустрэчу свайго кіраўніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім.

Адзначаецца, што праваабаронца і кіраўнік польскай дзяржавы абмяняліся падарункамі.

Бяляцкі “прэзентаваў прэзідэнту кнігі беларускіх пісьменнікаў і атрымаў ад Наўроцкага мініяцюру з выявай Тадэвуша Касцюшкі”, гаворыцца ў паведамленні.

Падрабязнасці гутаркі не прыводзяцца.

Раней 22 красавіка Бяляцкі прысутнічаў на пасяджэнні Сената Польшчы, на якім, як паведамлялася, была прынятая рэзалюцыя “з нагоды 5-й гадавіны заключэння Анджэя Пачобута — журналіста і лідара польскай меншасці у Беларусі, лаўрэата еўрапейскай прэміі імя Сахарава”.

На сустрэчы са спікерам Сената Малгажатай Кідава-Блоньскай Бяляцкі сярод іншага адзначыў, што “дапамога і салідарнасць“ ад польскага грамадства з’яўляецца для беларускіх праваабаронцаў “важным стымулам працягваць працу”.

Напярэдадні Бяляцкі паведаміў, што праваабарончы цэнтр “Вясна” будзе працаваць і ў Вільнюсе, і ў Варшаве. Паводле яго слоў, гаворка “не пра пераезд цэнтра, а пра пашырэнне геаграфічнай прысутнасці арганізацыі“.

Гл. таксама:

Ціханоўская на сустрэчы з Наўроцкім: Беларусы пройдуць свой шлях да свабоды, як яго калісьці прайшла Польшча

У 163-ю гадавіну пачатку Студзеньскага паўстання прэзідэнт Польшчы згадаў пра вольны беларускі народ

Наўроцкі: Крытычна ацэньваю беларускі рэжым, але трэба выкарыстоўваць усе каналы для вызвалення тых, хто сядзіць у турмах

Падзяліцца: