Мінск 12:31

У Мінску затрыманы наркакур’ер з 2,5 кг псіхатропу — МУС

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

4 траўня, Позірк. Пра затрыманне 34-гадовага жыхара Мінска з партыяй “асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва “Альфа-PVP” звыш 2,5 кілаграма паведаміў намеснік начальніка Завадскога РУУС сталіцы Дзмітрый Белік.

Паводле яго слоў (відэакаментарый апублікавала прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў), мужчына працаваў на інтэрнэт-наркамаркет: “Забіраў буйныя партыі “тавара”, фасаваў у сваёй кватэры, пасля пакідаў у тайніках для больш дробных кур’ераў і спажыўцоў”.

Псіхатропнае рэчыва было знойдзенае ў аўтамабілі мінчаніна падчас затрымання.

“Ён прызнаўся, што такім спосабам хацеў хутка зарабіць і пагасіць пратэрмінаваныя крэдыты за аўтамабіль і бытавую тэхніку”, — паведаміў Белік.

22 красавіка МУС паведамляла пра затрыманне ў Мінскай вобласці 23-гадовага грамадзяніна “адной з краін Цэнтральнай Азіі”. Замежнік, як было заяўлена, “працаваў на інтэрнэт-краму па продажы забароненых рэчываў і атрымаў з-за мяжы буйную партыю асабліва небяспечнага наркатычнага сродку — гашышнага алею”.

Падчас затрымання “пры ім знойдзена і вынята 11 кг “тавары”, замаскаванага пад харчовую бутыляваную прадукцыю”.

Колькасць асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, за пяць гадоў павялічылася на 12,5%, паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Агулам у 2025 годзе былі вынесеныя прыгаворы ў дачыненні да 2.253 асоб, якія здзейснілі нарказлачынствы (у 2020-м — 2.002).

Паводле даных Белстата, асноўная маса асуджаных — гэта працоўныя (44,5%), а таксама асобы, якія не працавалі і не навучаліся (37,6%) — 1.003 (793; +26,5%) і 847 (778; +8,9%) адпаведна.

Сярод асуджаных 507 асоб (22,5%), якія ўжо мелі судзімасць (543; -6,6%). Моладзь да 30 гадоў (34,5%) — 778 чалавек (956; -18,6%).

Колькасць здзейсненых нарказлачынстваў павялічылася з 3.620 у 2020 годзе да 3.878 у 2025-м (+7,1%).

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў 2025 годзе быў асуджаны 51 непаўналетні (у 2024-м — 68). Пазбаўленнем волі пакарана 50 (67), абмежаваннем — 1 (0).

Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, павялічылася — з 12 у 2024 годзе да 17 у 2025-м. Восем з іх (47,1%) пакараныя абмежаваннем волі (8; 66,7%), двое адпраўленыя пад арышт (11,8%; у 2024-м арышт не прызначаўся).

Тры чалавекі (17,6%) асуджаныя з адтэрміноўкай выканання пакарання (годам раней — два), столькі ж — з умоўным непрымяненнем пакарання (адзін; 8,3%). Адзін чалавек (5,9%) вызвалены ад адбыцця пакарання (у 2024 годзе не вызваляліся).

Падзяліцца: