Мінск 19:52

Лясны пажар з Гродзенскага раёна перакідваўся на тэрыторыю Літвы, мясцовым жыхарам рэкамендавана не пакідаць дамоў

Фота: адміністрацыя Варэнскага раёна Літвы

3 траўня, Позірк. Дэпартамент пажарнай бяспекі разаслаў жыхарам краіны інфармацыю аб пажары на тэрыторыі Беларусі, паведамляе партал Delfi.

У паведамленні гаворыцца, што “з-за падпаленай травы і леса ў Варэнскім раёне павышаны ўзровень забруджвання паветра”.

Мясцовым жыхарам рэкамендуецца не выходзіць на вуліцу і не адчыняць вокны.

Адміністрацыя Варэнскага раёна паведаміла, што ў Беларусі каля мяжы з Літвой — недалёка ад вёскі Сянове — напярэдадні ў 16:50 “пачаўся сур’ёзны лясны пажар”, гаворыцца ў публікацыі, “дым ідзе да вёсак Кабяляй і Капінішкяй”.

“Уначы полымя перакінулася на тэрыторыю Літвы — з пажарам змагаліся супрацоўнікі лясніцтва і пажарныя-ратавальнікі”, — адзначае партал.

На літоўскім баку пажар быў патушаны, аднак на пацярпелай тэрыторыі працягваюць дзяжурыць пажарныя.

“На тэрыторыі Беларусі лес яшчэ гарыць. Вёска Сянове і суседнія вёскі — Пясчай, Кабяляй, Марцінконіс, Маргеніс, Шклерай — тонуць у дыме. Дым ідзе ў бок Друскінінкая”, — паведамляецца ў публікацыі.

Пры гэтым, як адзначаецца, мясцовым жыхарам “небяспека не пагражае, толькі адчуваецца пах гару”.

Нацыянальны цэнтр грамадскага здароўя Літвы паведаміў, што праз лясныя пажары ў Беларусі ў паўднёвай частцы балтыйскай дзяржавы можа пагоршыцца якасць паветра.

Згаданая вёска Сянове знаходзіцца каля мяжы з Беларуссю. У прыватнасці, недалёка ад вёскі Узбярэж Гродзенскага раёна.

У ранішняй зводцы МНС паведамлялася аб буйным лясным пажары каля вёскі Узбярэж. Для яго ліквідацыі было задзейнічана 15 адзінак тэхнікі і 61 чалавек. Плошча ўзгарання склала каля 10 га. Тушэнне пажару працягвалася 2 траўня амаль пяць гадзін — з 18:04 да 22:57.

Пры гэтым днём 3 траўня МНС паведаміла аб лясным пажары, для тушэння якога выкарыстоўваецца верталёт Мі-8. Заяўляецца, што гарыць “каля 30 га лесу ў раёне Парэцкага сельсавета Гродзенскай вобласці”. У якім раёне адбыўся пажар, ведамства не ўдакладняе. Парэцкі сельсавет ёсць у Гродзенскім раёне. Вёска Узбярэж уваходзіць у яго склад.

Аб ліквідацыі пажару пакуль не паведамлялася.

Падзяліцца: