Мінск 03:30

Петыцыю за дазвол прысвойваць замежнікам званне “Герой Украіны” за два дні падпісалі амаль 2 тыс. чалавек

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 4 траўня 2026 года ў 19:55

Фота: "Радыё Свабода"

3 траўня, Позірк. На вечар 3 траўня 1.846 чалавек* падпісалі петыцыю за дазвол прысвойваць замежным грамадзянам званне “Герой Украіны”.

Петыцыю склала ўдава беларускага дабраахвотніка Аляксея Лазарава Вераніка Яновіч, зварот адрасаваны прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.

У каментары “Позірку” жанчына назвала сваю ініцыятыву памяццю пра мужа, бо “ён заўсёды быў чалавекам справы, а не слова”.

“Словаў можна сказаць вельмі шмат, а на справе не рабіць нічога. Таму мы жылі так, што намагаліся больш рабіць, чым казаць пра тое, што мы робім”, — адзначыла Яновіч.

Паводле яе слоў, “ніхто, акрамя іншаземных добраахвотнікаў, не будзе зацікаўлены ў пытаннях іншаземных добраахвотнікаў”. “І ніхто не зможа гэтыя пытанні вырашыць, акрамя нас”, — адзначыла жанчына.

“Гэта першы крок для закрыцця прабелу ў заканадаўстве па тэме добраахвотнікаў, які мне трапіўся на вочы, і я вырашыла заняцца. Бо так не мае быць проста. Гэта не пра асаблівае стаўленне да іншаземных добраахвотнікаў. Гэта пра роўнасць у гэтым пытанні”, — сказала яна.

Удава Аляксея Лазарава падкрэсліла: “Мы, беларусы, маем насамрэч як іншаземныя добраахвотнікі прывілеі у тым плане, што мы больш разумеем кантэкст, мы нават проста разумеем мову. У адрозненне ад грузінскага добраахвотніка, у адрозненне ад калумбійскага добраахвотніка. І таму мы павінны змагацца не толькі за сябе, але і за нашых пабрацімаў і сясцёр, якім гэта рабіць цяжка”.

Вераніка Яновіч не можа прадказаць, як на петыцыю адрэагуюць улады Украіны, але спадзяецца, што “рашэнне будзе станоўчым”.

“Грамадства, я ўжо бачу, як рэагуе — яно падтрымлівае [ініцыятыву], намагаецца дапамагчы. І за гэта мы — і я, і Лёша — вельмі любілі Украіну. За людзей. Паглядзім, што будзе. Я спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца”, — падсумавала суразмоўца “Позірку”.

Петыцыя за дазвол прысвойваць замежным грамадзянам званне “Герой Украіны” была апублікаваная 1 траўня.

“З пачатку поўнамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны побач з грамадзянамі Украіны нашу дзяржаву абараняюць таксама замежнікі і асобы без грамадзянства, якія добраахвотна сталі на бок Украіны і прымаюць непасрэдны ўдзел у забеспячэнні яе абароны, абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, — гаворыцца ў петыцыі. — Гэтыя людзі зрабілі свядомы, прынцыповы і нярэдка надзвычай рызыкоўны выбар — абараняць дзяржаву, якая знаходзіцца ў стане вайны, грамадзянамі якой яны не з’яўляюцца. Для многіх з іх такі ўдзел у абароне Украіны спалучаецца з істотнымі прававымі рызыкамі ў дзяржавах іх паходжання, уключаючы магчымасць крымінальнага пераследу і іншыя негатыўныя прававыя наступствы”.

У тэксце гаворыцца, что з лютага 2022 года ва Украіне загінула больш за 1.500 замежнікаў, якія вавалі на баку Украіны.

“Гэта сведчыць пра выключны ўзровень іх адданасці, самаахвярнасці і рэальным унёску ў абарону дзяржавы. Нягледзячы на гэта, замежнікі і асобы без грамадзянства працягваюць службу, дэманструючы высокі ўзровень мужнасці, прафесіяналізму і адданасці каштоўнасцям свабоды, чалавечай годнасці і міжнароднага права. Іх унёсак у абарону Украіны з’яўляецца бясспрэчным і па сваім змесце адпавядае тым крытэрыям, якія пакладзеныя ў аснову найвышэйшых формаў дзяржаўнага прызнання”, — адзначаецца ў петыцыі.

Пры гэтым, як заяўляецца, дзеючае заканадаўства Украіны “не забяспечвае магчымасці паўнацэннага адзначэння такіх асоб на найвышэйшым узроўні, што фактычна стварае сітуацыю, пры якой асобы, якія ажыццявілі тоесныя па змесце геройскія ўчынкі ў інтарэсах дзяржавы, знаходзяцца ў розным прававым становішчы выключна з улікам наяўнасці або адсутнасці грамадзянства Украіны”.

Магчымасць атрымліваць званне “Герой Украіны” замежнікамі, “стане актам справядлівасці, належнага дзяржаўнага прызнання і пацверджаннем таго, што Украіна шануе кожнага, хто стаў на яе абарону”, гаворыцца ў дакуменце.

Подпісы пад петыцыяй могуць збірацца цягам 90 дзён. Каб Зяленскі разгледзеў зварот, іх павінна быць не менш за 25 тыс. Пакінуць подпіс могуць грамадзяне Украіны.

У адпаведнасці з заканадаўствам Украіны, званне “Герой Украіны” замежнік можа атрымаць толькі пасмяротна і за подзвіг, звязаны з Рэвалюцыяй Годнасці (лістапад 2013 — люты 2014 гадоў).

Першым замежнікам, удастоеным звання “Героя Украіны”, стаў грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызнеўскі, які загінуў 22 студзеня 2014 года ў Кіеве. Званне яму было прысвоена 13 чэрвеня 2017-га.

Пра гібель беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава (пазыўны “Вуж”) паведаміў 21 студзеня 2026 года полк імя Кастуся Каліноўскага. Загінулы добраахвотнік “быў адным з першых беларусаў, хто стаў на абарону Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання”, гаварылася ў паведамленні палка.

Дакладных звестак аб колькасці загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў няма. Раней СМІ паведамлялі, што ў баях супраць РФ загінула каля 70 беларусаў.

* На момант публікацыі матэрыялу ў адкрытым доступе — 2.182

Падзяліцца: