Мінск 18:24

Кіраўніку віцебскай сельгасарганізацыі пагражае да 10 гадоў зняволення за растрату бюджэтных сродкаў — шкода ацэненая ў 230 тыс. рублёў

3 траўня, Позірк. Аб выяўленні фактаў “незаконнага расходавання грашовых сродкаў” паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.

“Устаноўлена: 45-гадовы кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў абласнога цэнтра разам з трыма падначаленымі пры садзейнічанні службовых асоб іншых аграпрамысловых арганізацый фальсіфікавалі дакументы.  Змоўшчыкі ўносілі загадзя ілжывыя звесткі ў акты выкананых работ па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, якія фактычна не выконваліся”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца аб “залішнім расходаванні бюджэтных грошай у памеры 230 тыс. рублёў”.

Распачатая крымінальная справа за “злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”. Адзначаецца, што фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пра тое, што найбольш схільная да карупцыйных з’яў у Беларусі з’яўляецца сфера сельскай гаспадаркі, у якой здзяйсняецца прыкладна кожнае пятае адпаведнае злачынства, заявіў у інтэрв’ю “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу летась у снежні старшы пракурор па асаблівых даручэннях Упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Арцём Ігнаценка.

“Асобныя станоўчыя тэндэнцыі” ў дынаміцы выяўлення карупцыйных злачынстваў у бягучым годзе “аб’ектыўна страчаны”, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі МУС 26 верасня 2025 года. Чыноўнік раскрытыкаваў шэраг тэрытарыяльных падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.

Паводле яго слоў, МУС перайшло ад “бытавых” хабараў да выяўлення і спынення схем сістэмнай “дзелавой” карупцыі, больш актыўна выкарыстоўваецца інструментарый аператыўна-вышуковай прафілактыкі.

Падзяліцца: