Мінск 15:02

Прадстаўнікі дэмсіл ды падраздзялення Еўракамісіі абмеркавалі дапамогу палітвязням і рэпрэсаваным беларусам у выгнанні

Фота: прэс-служба АПК

7 траўня, Позірк. Дапамогу палітвязням і рэпрэсаваным беларусам абмеркавалі на сустрэчы ў Вільнюсе прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) і Генеральнага дырэктарата па пытаннях пашырэння і “Усходняга суседства” (DG ENEST).

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, “падчас сустрэчы <…> Міхала Юзвяка і Каломб дэ Мерсэ” з прадстаўнікамі дэмсіл таксама абмяркоўваліся рэпрэсіі ў Беларусі, “іх транснацыянальны характар і наступствы”; праблема “пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў і спосабы яе вырашэння”; новыя “магчымыя рызыкі для беларусаў у выпадку пашырэння вайны” Расіі супраць Украіны; выбары ў Каардынацыйную раду (КР) і ўзаемадзеянне паміж АПК, ОСЦ і КР.

Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская паведаміла, што падчас сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі “падняла тэму доўгатэрміновай падтрымкі людзей, якія часта аказваюцца па-за паўнавартасным доступам да нацыянальных сістэм сацыяльнай абароны: беларусаў у вымушанай эміграцыі, былых палітвязняў, ветэранаў вайны ва Украіне, пажылых людзей, людзей з інваліднасцю, сем’яў з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, жанчын, ЛГБТК+ персон”.

Паводле яе слоў, асобна было згадана пра неабходнасць “не толькі кропкавай дапамогі, але і сістэмнага механізму, які дазволіць такім людзям атрымліваць доступ да сацыяльных праграм у краінах фактычнага пражывання — у тым ліку ў Польшчы, Літве ды іншых краінах ЕС”.

Яе першая намесніца Юлія Міцкевіч дадала, што бакі абмеркавалі зменлівую прыроду рэпрэсій і з’яўленне новых форм катаванняў. У гэтым кантэксце былі згаданыя сітуацыі, калі палітвязні не могуць уз’яднацца з непаўналетнімі дзецьмі, бо былі абмежаваныя ў бацькоўскіх правах падчас зняволення.

“Нам было важна пачуць, што пра гэта на ўзроўні ЕС вядуцца перамовы з амерыканскім бокам, у прыватнасці з тымі, хто ўключаны ў дыялог з рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі]. І што нашы еўрапейскія партнёры працягваюць даносіць інфармацыю пра такія гісторыі. Як і тое, што яны настойваюць: пры вызваленні палітвязняў не павінна прымяняцца практыка прымусовай дэпартацыі без магчымасці самастойна прыняць рашэнне застацца ў краіне або з’ехаць, ці пазбаўлення вызваленых усіх дакументаў і легальных магчымасцей працягваць жыць у Беларусі”, — сказала Міцкевіч.

DG ENEST — структурная адзінка Еўракамісіі, якая пачала працаваць у лютым 2025 года пасля раздзялення Генеральнага дырэктарата па суседстве і перамовах пра пашырэнне (DG NEAR) на дзве часткі (другая — Генеральны дырэктарыят па Блізкім Усходзе, Паўночнай Афрыцы і краінах Персідскага заліва; DG MENA).

Дырэктарат DG ENEST займаецца пытаннямі пашырэння Еўрасаюза, перамовамі пра ўступленне новых краін, палітыкай “Усходняга суседства”, падтрымлівае рэформы, дэмакратычныя інстытуты і праекты інтэграцыі з ЕС.

Падзяліцца: