Мінск 14:21

Грузінскія ўлады адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданні прытулку

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 траўня 2026 года ў 13:46

Сталіца Грузі Тбілісі
Фота: "Позірк"

9 траўня, Позірк. Грузінскія ўлады з 2019 года адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданні прытулку, вынікае з праведзенага Позіркам аналізу даных мясцовай паліцыі.

У першым квартале 2026 года адмову атрымалі двое мужчын (ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў і ад 41 года да 65 гадоў).

У 2025 годзе Грузія адмовіла ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі, у т.л. пяці непаўналетнім. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоваў, у т.л. 12 непаўналетнім.

Адзін грамадзянін Беларусі (ва ўзросце ад 41 да 65 гадоў) у першым квартале 2026 года падаў заяўку на атрыманне прытулку ў краіне. З 2019 года такіх хадайніцтваў ад беларусаў было зарэгістравана 91. Найбольш іх было ў 2024 годзе — 40; ў 2025-м — 9.

Як паведамляў Позірк, у першым квартале з Грузіі было выслана 8 грамадзян Беларусі (рэкорд), у тым ліку 2 жанчыны. Беларускія праваабаронцы маюць намер высветліць, ці ідзе гаворка аб прымусовай дэпартацыі або добраахвотным выездзе пасля прадпісання, а таксама ў якія краіны высылаюць суайчыннікаў.

У 2025 годзе грузінскія ўлады зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства — пасля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў-2024 і згортвання курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам узялі ўдзел замежнікі, найперш грамадзяне Расіі. Падчас аднаго з разгонаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі (пазней вылецеў у Літву).

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі праводзіць бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак “Позірку“, заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэнні замежнікаў з надуманых падставаў.

У лютым 2026 года прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзе паведаміў, што двзвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў планы выслаць на працягу года 4 тыс. нелегалаў, што ўтрая больш, чым было дэпартавана летась (1.311).

Грузія — “боль беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне“, паколькі там “вельмі складаная сітуацыя”, заявіла кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 7 лютага 2026 года ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.

“Адзінае абяцанне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўрада ўскосным шляхам, што беларусаў не будуць дэпартаваць у Беларусь. <…> Яны не будуць даваць прытулак”, — адзначыла Ціханоўская.

1 траўня на V Канферэнцыі беларусаў свету дэмлідар паведаміла “Позірку“, што ў цяперашніх абставінах няма магчымасці дамаўляцца з уладамі Грузіі пра “нейкія крокі па прызнанні пратэрмінаваных пашпартоў або па выдачы “пашпартоў замежніка”.

Сітуацыю ў Грузіі ў гэтым плане палітык назвала “не лепшай”. “Але калі ў людзей такая ўжо цяжкая сітуацыя, то працуем з нашымі замежнымі партнёрамі — Польшчай, Літвой, каб людзей эвакуіраваць, калі, напрыклад, там нешта пагражае“, — сказала Ціханоўская.

Падзяліцца: