Мінск 20:04

Паляўнічы з Бабруйска прыгавораны да абмежавання волі за забойства рысі

10 траўня, Позірк. Суд Асіповіцкага раёна (Магілёўская вобласць) вынес прыгавор па крымінальнай справе 40-гадовага жыхара Бабруйска, які застрэліў рысь падчас загоннага палявання на дзіка, паведамляе Генеральная пракуратура.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 282 КК (незаконнае паляванне, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры). Яму прызначана 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама фігурант аштрафаваны на 100 базавых велічынь (4,5 тыс. рублёў) і на 2,5 года пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з паляваннем.

Паводле звестак абвінавачвання, у канцы студзеня 2026 года мужчына “паляваў на дзіка каля аднаго з населеных пунктаў Асіповіцкага раёна”. Заўважыўшы рысь, ён стрэліў у яе з паляўнічага карабіна. Як сцвярджаецца, паляўнічы “ведаў, што жывёла ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі і паляванне на яе забароненае”.

Шкода навакольнаму асяроддзю была ацэненая ў 300 б.в. (13,5 тыс. рублёў). Адзначаецца, што абвінавачаны добраахвотна кампенсаваў гэтую суму.

У судзе мужчына цалкам прызнаў віну.

Паведамляецца таксама аб канфіскацыі ў яго паляўнічага карабіна, з якога была забітая рысь.

Аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Бабруйска паведамлялася 20 лютага гэтага года.

Адзначалася, што мужчына меў дазвол на адстрэл дзіка. Пры гэтым, забіўшы рысь, якая ўключана ў Чырвоную кнігу, ён не паведаміў аб тым, што адбылося і “пакінуў тушу ва ўгоддзях”.

Рысь выявілі інспектары аховы жывёльнага і расліннага свету.

На пачатку лютага старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР), былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што з 57 асобін рысі, адведзеных для паляўнічага промыслу ў мінулым сезоне, было здабыта ўсяго шэсць (10,5%). Сезон Шуневіч назваў “правальным”.

Ён падкрэсліў, што “ўсе страхі прыродаахоўнікаў адносна ўплыву на папуляцыю аказаліся блефам, нагнятаннем атмасферы”. “Па факце паляванне на рысь не стала феноменам нацыянальнага палявання”, — дадаў Шуневіч.

Сезон палявання на рысь працягваўся ад 31 кастрычніка 2025 года да 31 студзеня 2026-га.

Пра тое, што ўрад дазволіў паляванне на рысь, стала вядома з пастановы Савета міністраў № 233 ад 23 красавіка 2025 года. Дакументам былі ўнесены дапаўненні ў пастанову ад 14 чэрвеня 2018 года № 454 “Аб некаторых пытаннях палявання і вядзення паляўнічага гаспадарства”.

Дазвол на здабычу рысі для грамадзян Беларусі і іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза каштуе 200 рублёў (тут і далей — мінімальны гранічны кошт), для прадстаўнікоў іншых дзяржаў — 500.

Ахоўны статус рысі ў Чырвонай кнізе быў паніжаны пастановай Мінпрыроды № 10 ад 14 сакавіка 2025 года.

18 сакавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы палявання і вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Дакументам дазволена паляванне на мядзведзя і рысь у “асаблівым рэжыме”, які дазваляе “кантралявана рэгуляваць іх колькасць на падставе планаў кіравання папуляцыямі, што распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі”.

Падзяліцца: