Мінск 14:22

На сустрэчы з прапаведнікам з ЗША Лукашэнка пахваліўся міжканфесійным мірам у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка і Франклін Грэм
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

15 траўня, Позірк. У Беларусі “жывуць мірна, суіснуюць, узаемадзейнічаюць 25 канфесій”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 траўня ў Мінску, прымаючы Франкліна Грэма — прэзідэнта і генеральнага дырэктара Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма.

“І, шчыра скажу, мы ганарымся гэтым міжканфесійным мірам, які існуе ў Беларусі, — цытуе спікера яго прэс-служба. — У Беларусі 850 пратэстанцкіх супольнасцяў, 20 місій і 5 навучальных устаноў. Таму вашае веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўленае”.

Пры гэтым ён падкрэсліў сваё асабістае пазітыўнае стаўленне да пратэстантаў. “У савецкія часы (Савецкі Саюз быў афіцыйна атэістычнай краінай, але неафіцыйна ўсе маліліся), калі я быў сакратаром парткама, у сельскай гаспадарцы працаваў, палова маёй гаспадаркі — гэта былі пратэстанты. Мне вельмі цікава было, чым жа пратэстанты адрозніваюцца ад праваслаўных, католікаў. І я бываў у іх дома — пратэстантаў нашых. Я вам мушу сказаць — добрыя людзі, працавікі неймаверныя”, — сказаў Лукашэнка.

Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы палітыка адзначыў, што на сустрэчы Лукашэнка “перадаў добрыя зычэнні прэзідэнту ЗША Дональду Трампу”

“Вам, Франклін, хачу падзякаваць за добрае пасланне, якое мне перадаў спадар [спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон] Коўл падчас свайго візіту і нашых перагавораў. Вы ж разумееце, што без прэзідэнта ЗША нам, магчыма, складаней было б усталяваць нашыя стасункі”, — адзначыў ён.

“Таму пры сустрэчы (я ведаю, вы ў добрых стасунках з прэзідэнтам) перадайце яму самыя добрыя зычэнні і скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі”, — дадаў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, на сустрэчы Лукашэнка заявіў, што летась, нягледзячы на ​​санкцыі, дзве траціны ўсёй гуманітарнай дапамогі ў Беларусь паступіла менавіта з ЗША. “Але амерыканцы малайцы. У гэтай гуманітарнай дапамозе ЗША маецца і ваша доля. Дзякуй вам”, — сказаў ён суразмоўцу.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, які ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

Ад пачатку восені 2020 года па 28 красавіка 2026-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 93 хрысціянскія служыцелі: каталіцкай царквы — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Евангелісцкая асацыяцыя Білі Грэма заснаваная ў 1950 годзе. Візіт у Беларусь Франкліна Грэма праходзіць 14–18 траўня, у рамках якога прадугледжаны яго ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў. 16–17 траўня 2026 года ў Чыжоўка-Арэне запланавана правесці пратэстанцкі “Фэст надзеі”.

Некаторыя аналітыкі не выключаюць, што падчас візіту Грэма ў Беларусь можа прыехаць і Джон Коўл.

Падзяліцца: