Мінск 16:31

У міжсезонне вырашчана больш гародніны, чым годам раней, але не агуркоў — даныя Белстата

16 траўня, Позірк. Аб’ём вырашчанай у абароненым грунце гародніны за год павялічыўся на 5,2% (з 25.811 тон у студзені — красавіку 2025-га да 27.159 т за аналагічны перыяд 2026-га), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У той жа час агуркоў і карнішонаў за чатыры месяцы гэтага года вырашчана на 2,3% менш, чым за той жа леташні перыяд (зніжэнне з 21.045 т да 20.552 т).

Сітуацыя палепшылася ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях — гэтай прадукцыі выраблена больш на 10,8% (з 2.133 т да 2.363 т), на 24% (з 595 т да 738 т) і на 9,9% (з 8.685 т да 9.541 т) адпаведна. Разам з тым аб’ёмы знізіліся ў Брэсцкай вобласці — на 40,7% (з 1.361 т да 807 т), Віцебскай — на 18,1% (з 4.927 т да 4.034 т), Магілёўскай — на 14% (з 1.339 т да 1.152 т) і Мінску — на 4,5% (з 2.005 т да 1.915 т).

Выпуск таматаў павялічыўся на 38,8% (з 4.392 т да 6.097 т): у Брэсцкай вобласці — у 1,7 раза (з 879 т да 1.482 т), Віцебскай — на 16% (з 614 т да 712 т), Гомельскай — на 45,5% (з 229 т да 333 т), Мінскай — на 35,3% (з 2.391 т да 3.235 т), Магілёўскай — на 17,8% (з 45 т да 53 т), Мінску — у 1,7 раза (з 79 т да 132 т). У Гродзенскай вобласці ён зменшыўся на 2,6% (са 155 т да 149 т).

Пытанне забеспячэння ўнутранага рынку айчыннай міжсезоннай прадукцыяй “будзе ў прынцыпе вырашанае” на працягу некалькіх гадоў, заявіў 7 сакавіка 2023 года па выніках наведвання цяплічнай гаспадаркі прадпрыемстве “ДарОрс” Раман Галоўчанка, які тады займаў пасаду прэм’ер-міністра.

“Гадавыя аб’ёмы цяплічнай агародніннай прадукцыі істотна перавышаюць патрэбнасці ўнутранага рынку”, — сцвярджаў ён.

Разам з тым тагачасны кіраўнік урада адзначаў, што ў восеньска-зімовы, а таксама ранні вясновы перыяд, калі маецца вялікі попыт, “не хапае ўласнай вытворчасці”. “Па агурках 40% мы закрываем, па таматах і таго менш”, — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, дэфіцыт на рынку закрывае імпарт з Расіі, Азербайджана, Турцыі, але застаецца пытанне цаны. “Усе мы адчуваем, наколькі ў міжсезонне цэны на агуркі і таматы пакусваюцца”, — прызнаў Галоўчанка.

21 снежня таго ж года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па цэнах нагадаў, што ўвесну Савету міністраў была пастаўленая задача “вырашыць праблему з вырошчваннем плодаагародніннай прадукцыі ў міжсезонне”. Было прапанавана “пабудаваць больш цяпліц”, каб на працягу ўсяго года “можна было забяспечваць беларусаў сваёй гароднінай”. Аднак, заявіў Лукашэнка, урад вырашыў “паспрабаваць даць рады гэтай задачы з найменшымі ўкладаннямі”.

Леанід Заяц, на той момант віцэ-прэм’ер, а цяпер член Савета Рэспублікі, на нарадзе адзначыў, што “на прылаўках айчыннай прадукцыі ў дастатковай колькасці”, а цэны, напрыклад, на агуркі знізіліся на 16,5% ў параўнанні са снежнем 2022-га.

На гэта Лукашэнка заявіў, што людзей “хвалююць сённяшнія, а не леташнія цэны ў крамах”.

“Вырабіце гэтых агуркоў у дастатковай колькасці, — распарадзіўся ён. — Людзі хочуць, каб і ў Новы год яны былі таннейшыя. Я вам казаў: пабудуйце яшчэ 10 цяпліц. Падумайце, што зрабіць. 10–15 гадоў таму я б так не казаў: дорага было — і газ, і нафта. Але зараз жа ўсяго хапае”.

Згодна з маніторынгам “Позірку”, у 2021 годзе ў абароненым грунце было вырашчана 113.743 тоны, 2022-м — 110.447, 2023-м — 105.050, 2024-м — 105.959, у 2025-м — 103.278.

Падзяліцца: