Мінск 19:07

Лукашэнка вядзе Беларусь да вялікай бяды — Ціханоўская аб распачатай у краіне трэніроўцы прымянення ядзернай зброі

Архіўнае фота: старонка Святланы Ціханоўскай у сацсетцы Х

18 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “вядзе Беларусь да вялікай бяды”, заявіла ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы распачатую на тэрыторыі краіны трэніроўку вайсковых частак па ўжыванні ядзернай зброі.

“Навошта рабіць з нашай краіны мішэнь для адказу на ядзерны ўдар? Каб Беларусь была мірнай, трэба спыніць Лукашэнку”, — падкрэсліла палітык.

“Краіна, якая больш за ўсіх у свеце пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, “мірнага атама”, зноў становіцца ядзернай пагрозай — і мішэнню. Ці маглі мы сабе гэта ўявіць?” — адзначыла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, “менавіта так адбылося з вайной” ва Украіне. “Мы чулі “абы не было вайны, а вайна, у якой тэрыторыю Беларусі выкарыстоўвалі, зрабіўшы нашу краіну суагрэсарам, ідзе ўжо пяты год”, — удакладніла яна.

“І ўсё гэта па волі аднаго чалавека”, — заявіла Ціханоўская.

Пра пачатак трэніроўкі вайсковых часцей баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння паведаміла 18 траўня прэс-служба Міністэрства абароны.

Заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах падвышэння гатоўнасці Узброеных сіл да прымянення сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў”.

Кіруе манеўрамі начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

У рамках вучэнняў плануецца “ўдасканаліць узроўні падрыхтоўкі асабовага складу”, а таксама правесці “праверку ўзбраенняў, вайсковую і спецыяльную тэхніку да выканання задач і арганізацыю баявога прымянення з няпланавых раёнаў”.

Лукашэнка ды іншыя афіцыйныя асобы неаднаразова фактычна пагражалі іншым краінам ужываннем ТЯЗ і паўтаралі тэзу пра магчымасць яе выкарыстання ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад.

“Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы здзейсніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Мэты вызначаныя”, — заявіў Лукашэнка 6 ліпеня 2023 года на сустрэчы з замежнымі журналістамі.

Паводле яго слоў, “калі будзе агрэсія НАТО, да прыкладу, ЗША супраць Беларусі ці Расіі — тады рукі развязаныя — паводле канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Расія, лічы Беларусь, якая мае гэтую зброю, адкажа”. “Вы нас не чапайце. І мы ніколі не выкарыстаем гэту смяротную зброю”, — сказаў ён.

За год да таго палітык заявіў, што “войску аддадзены загад узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў у замежных сталіцах”.

На пасяджэнні Першага камітэта (па раззбраенні і міжнароднай бяспецы) Генасамблеі ААН у кастрычніку 2023 года прадстаўнікі Літвы, Польшчы і ЗША асудзілі размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

Еўрапейскі парламент у заяве, прымеркаванай да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, заклікаў міжнародную супольнасць стварыць незалежны радыелагічны рэгістр і прызнаць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пагрозай калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: