Мінск 15:17

Ціханоўская наведвае Украіну (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

дададзеныя абзацы 4–7

25 траўня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведвае Украіну.

Прэс-служба палітыка, 25 траўня апублікавала кадры яе прыбыцця ў Кіеў на цягніку.

“Дзякуй “Укрзалізніцы”, што бяспечна і хутка даставілі ў Кіеў”, — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Разам са сваім намеснікам у Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК) Паўлам Латушкам і кіраўніком апарата АПК Валерыем Мацкевічам Ціханоўская ўсклала кветкі на магілу беларускі Марыі Зайцавай, якая ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна і загінула пад Бахмутам на паўднёвым усходзе Украіны.

“Першае, што я зрабіла, калі прыехала ў Кіеў, — адразу з цягніка наведала магілу Марыі Зайцавай, — адзначыла палітык. — Яна сімвалізуе не толькі наш супраціў дыктатуры, але і ўкраінска-беларускую салідарнасць. Для мяне было вельмі важна распачаць гэты візіт менавіта з ушанавання чалавека, які аддаў жыццё за свабоду Украіны”.

“Марыі было ўсяго 24 гады. Яна была вельмі светлым, смелым і прынцыповым чалавекам. Як і тысячы беларусаў, у 2020 годзе яна выйшла супраць гвалту і несправядлівасці ў Беларусі. А калі Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, яна не засталася ўбаку. Яна далучылася да беларускіх добраахвотнікаў і стала часткай агульнай барацьбы супраць расійскага імперыялізму і дыктатуры”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Дэмлідар назвала Зайцаву сімвалам новага пакалення беларусаў, людзей, якія “разумеюць, што свабода Беларусі і свабода Украіны непадзельныя”. “Яна загінула як герой, але яе імя будзе жыць. І наш абавязак — зрабіць усё, каб ахвяра Марыі ды іншых герояў не была марнай”, — заявіла палітык.

Пра тое, што плануецца візіт Ціханоўскай ва Украіну, стала вядома па выніках яе першай паўнавартаснай сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільнюсе. 22 траўня міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга анансаваў хуткі візіт беларускага дэмлідара.

Напярэдадні прыбыцця Ціханоўская асудзіла ўдар па Кіеве, нанесены Расіяй у ноч на 24 траўня. “Мае думкі з жыхарамі Кіева і ўсімі ўкраінцамі пасля масіраванага начнога нападу. Гэты расійскі тэрор супраць мірнага насельніцтва, які стаў магчымым дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, павінен быць асуджаны самым рашучым чынам”, — заявіла палітык.

Гэтае паведамленне не засталося без увагі Зяленскага. “Дзякуй за вашу падтрымку”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

25 сакавіка дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях, кіраўнік яе вільнюскага офіса Дзяніс Кучынскі паведаміў “Позірку”, што галоўным пытаннем візіту стане тое, як можна “больш дапамагчы Украіне”.

“Бо ад Украіны ў тым ліку залежыць і будучыня Беларусі, і будучыня Літвы, Польшчы, усяго рэгіёну. Таму вельмі вялікая задача, безумоўна, як мага больш дапамагаць Украіне. На кожнай міжнароднай сустрэчы Святлана Ціханоўская падкрэслівае важнасць максімальнай падтрымкі Украіны”, — казаў ён.

Візіт Ціханоўскай праходзіць на фоне рэзкага падвышэння ўвагі Кіева да Беларусі. За апошні час Зяленскі ды іншыя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў неаднаразова заяўлялі пра тое, што Расія аднавіла спробы непасрэдна ўцягнуць Мінск у вайну, а таксама папярэджвалі рэжым Лукашэнкі пра наступствы такога развіцця падзей.

Ціханоўская: Мэта званка Макрона Лукашэнку — перадаць сігнал аб недапушчальнасці далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну

24 траўня, Позірк. Галоўная мэта званка прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона Аляксандру Лукашэнку — перадаць яму "выразны сігнал аб недапушчальнасці далейшага ўключэння Беларусі ў вайну, а таксама ўдзелу ў ядзерным шантажы і стварэнні пагроз у рэгіёне", заявіла 24 траўня дэмакратычны лідар …
Падзяліцца: